Раманоўская стала лепшай на этапе Кубка свету па фрыстайле



Беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская заваявала залаты медаль на этапе Кубку свету ў Дзір-Вэлі. Беларуска з вялікай перавагай апярэдзіла амерыканскую і аўстралійскую канкурэнтак. Яе суайчынніца алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова размясцілася на 13-м месцы ў выніковым пратаколе.

Сабаленка абыграла Рус ў матчы Кубка Федэрацыі з Нідэрландамі

Тэнісісткі зборнай Беларусі пасля першага дня матчу Кубка Федэрацыі ў Гаазе гуляюць унічыю 1:1 з камандай Нідэрландаў. У другім адзіночным паядынку 13-я ракетка планеты Арына Сабаленка перамагла Аранчу Рус – 6:2, 6:3. У стартавай сустрэчы Аляксандра Сасновіч прайграла Кікі Бёртэнс – 7:6, 2:6, 1:6. Сёння пройдуць яшчэ два адзіночныя паядынкі: Арына Сабаленка згуляе з Кікі Бёртэнс, Аляксандра Сасновіч з Аранчай Рус. Потым адбудзецца парная сустрэча, у якой беларускі дуэт Вольга Гаварцова / Лідзія Марозава сустрэнецца з тандэмам гаспадынь Дэмі Схюрс / Леслі Керхаў. Па рэгламенце турніру, у другі дзень спаборніцтваў капітаны каманд Таццяна Пучак і Пол Хархайс могуць зрабіць замены.

Пераможцы кваліфікацыйных сустрэч выйдуць у фінальны этап Кубка Федэрацыі, які пройдзе з 9 па 14 красавіка ў Будапешце. Раней зборныя Беларусі і Нідэрландаў сустракаліся ў розыгрышы Кубка Федэрацыі чатыры разы – нідэрландкі святкавалі тры вікторыі, беларускі – адну. У сусветным камандным рэйтынгу жаночая зборная Беларусі займае 5-е месца, зборная Нідэрландаў знаходзіцца на 19-й пазіцыі.

Хакеісты зборнай Беларусі саступілі алімпійскай камандзе Расеі і занялі апошняе месца на турніры ў Славакіі

Зборная Беларусі саступіла алімпійскай камандзе Расеі ў 2-м туры Kaufland Cup-2020 з лікам 0:1. Каманды па ходу матчу дэманстравалі хакей з аглядкай на ўласную брамку. Зрэшты, некаторая гульнявая перавага была на баку расейцаў. Адзіную шайбу нешматлікая публіка на трыбунах ўбачыла ў трэцім перыядзе. На 51-й хвіліне сустрэчы брамнік беларусаў Канстанцін Шостак змог парыраваць кідок ад сіняй лініі, але на дабіванні першым быў абаронца супернікаў Данііл Міраманаў. Беларуская каманда з двума паразамі пасля двух матчаў замкнула турнірную табліцу Kaufland Cup-2020. Пераможца спаборніцтваў стане вядомы сёння пасля матчу алімпійскай зборнай Расеі і Славакіі.

Валейбольныя зборныя Беларусі даведаліся сапернікаў па кваліфікацыйнага раўнду Чэмпіяната Еўропы

Валейбольныя зборныя Беларусі даведаліся супернікаў па кваліфікацыйнаму раўнду чэмпіянату Еўропы, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі валейбола. Мужчынская каманда Беларусі па выніках лёсавання апынулася ў квартэце G, дзе супернікамі падначаленых Віктара Бекшы стануць дружыны Нарвегіі, Партугаліі і Вугоршчыны. Згодна з рэгламентам у фінальную частку кантынентальнага форуму адбіраюцца пераможцы сваіх груп і пяць з сямі зборных, якія завяршылі адбор на другіх пазіцыях. Зборныя Польшчы, Чэхіі, Эстоніі і Фінляндыі гарантавалі сабе месца ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы-2021 на правах гаспадароў.

Алімпійская чэмпіёнка па стральбе адкрые ў Афінах эстафету агню летніх Гульняў-2020

Арганізатары, па ўзгадненні з Нацыянальным Алімпійскім камітэтам Грэцыі, прынялі рашэнне дапоўніць ранейшы фармат правядзення эстафеты. Пасля запальвання агню ў старажытнай Алімпіі 12 сакавіка факел будзе перададзены алімпійскай чэмпіёнцы Рыа па стральбе з пнеўматычнага пісталета Ганне Коракакі, якая прабяжыць стартавую частку эстафеты. Далей агонь будзе перададзены марафонке Мідзукі Нагуці, якая першай з прадстаўнікоў Японіі, возьме ў рукі факел Алімпійскіх гульняў, паведамілі  ў прэс-службе НАК Беларусі.

Эстафета пройдзе па тэрыторыі Грэцыі з 12 па 19 сакавіка. Пасля полымя Гульняў будзе перададзена аргкамітэту „Токіа-2020” падчас спецыяльнай цырымоніі на Панафінейскім стадыёне. Афіцыйны старт эстафеце алімпійскага агню ў Японіі будзе дадзены 26 сакавіка ў прэфектуры Фукусіма на стадыёне, дзе размяшчалася галоўная база ліквідатараў наступстваў аварыі на АЭС „Фукусіма-1” пасля цунамі.

XXXII летнія Алімпійскія гульні ў Токіа пройдуць сёлета з 24 ліпеня па 9 жніўня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя