Раналду пяты раз прызнаны лепшым футбалістам свету па версіі ФІФА
У Лондане прайшла цырымонія ўручэння прэміі ФІФА The Best лепшым футбалістам і трэнерам мінулага сезона.
Прыз лепшага іграка планеты атрымаў партугальскі форвард трыумфатара Лігі чэмпіёнаў мадрыдскага „Рэала” Крышціяну Раналду. Ён пяты раз прызнаны лепшым па версіі ФІФА. Французскі настаўнік „Рэала” Зінедзін Зідан стаў лепшым трэнерам.
Вартавы варотаў зборнай Італіі і турынскага „Ювентуса” Джанлуіджы Буфон названы лепшым варатаром свету.
Форвард зборнай Францыі і лонданскага „Арсенала” Аліўе Жыру атрымаў прыз Ферэнца Пушкаша за самы прыгожы гол.
Прыза Fair Play (справядлівай гульні) удастоены нападаючы зборнай Тога Франсіс Конэ, які выступае ў чэшскай „Збраёўцы”. У мінулым сезоне ў адным з матчаў чэмпіянату Чэхіі ён дапамог ратаваць галкіпера каманды саперніка, які страціў прытомнасць пасля сутыкнення ў час гульні.
У сімвалічную зборную свету ўвайшлі Джанлуіджы Буфон („Ювентус”); Дані Алвес („Пары Сен-Жэрмен”), Леанарда Банучы („Мілан”), Серхіа Рамас, Марсела, Лука Модрыч, Тоні Кроас, Крышціяну Раналду (усе – „Рэал”), Андрэас Іньеста, Ліянэль Месі (абодва – „Барселона”), Неймар („Пары Сен-Жэрмен”).
Лепшай футбалісткай прызнана паўабаронца галандскай зборнай і іспанскай „Барселоны” Ліке Марценс. Настаўнік чэмпіёнак Еўропы футбалістак зборнай Нідэрландаў Сарына Вігман стала лепшым трэнерам у жаночым футболе.
Лепшымі балельшчыкамі прызнаны фанаты шатландскага „Селтыка” з Глазга.