Расеец Мацвей Елісееў выйграў спрынт на ЧЕ па біятлоне ў „Раўбічах”



Расейскі біятланіст Мацвей Елісееў выйграў спрынтарскую гонку на чэмпіянаце Еўропы ў „Раўбічах”. Срэбра заваяваў латвійскі спартовец Андрэй Растаргуеў. Замкнуў тройку наймацнейшых нарвежац Аляксандар-Фьельд Андэрсан.

Лепшы з беларускіх спартоўцаў Сяргей Бачарнікаў адстаў ад чэмпіёна Еўропы на 27,5 сек. (1+0) і заняў пятае месца ў выніковым пратаколе. Антон Смольскі фінішаваў сёмым, Максім Варабей стаў 33-м, Віктар Крыўко – 48-м, Раман Ялётнаў – 57-м, Ягор Казарын – 84-м.

Правы паўсярэдні Павел Пачкоўскі летам можа перабрацца ў БГК

Правы паўсярэдні Павел Пачкоўскі, правы на якога належаць „Віве”, летам можа перабрацца ў БГК імя Мяшкова. 26-гадовы гандбаліст, які зараз выступае за венгерскі „Веспрам”, летам павінен адправіцца ў чарговую арэнду. Павел працягнуў кантракт з польскім „Віве” да 2024 года, але гуляць у Кельце не будзе.

Памочнік Віктара Ганчарэнкі ў ЦСКА Сяргей Аўчыннікаў будзе выконваць абавязкі галоўнага трэнера ў матчы з „Уралам”

Асістэнт галоўнага трэнера ЦСКА Сяргей Аўчыннікаў будзе выконваць абавязкі рулявога ў хатнім матчы чэмпіянату Расеі з „Уралам”, які пройдзе 29 лютага. Расейскі спецыяліст часова замяніў на пасадзе Віктара Ганчарэнку, які адбывае дыскваліфікацыю. У канцы мінулага года Ганчарэнка быў адхілены на тры матчы прэм’ер-лігі за нецэнзурную лаянку ў адрас арбітраў. Рэальны тэрмін адхілення складае два матчы – у трэцім беларускі спецыяліст будзе дыскваліфікаваны ўмоўна.

Італьянскі „Пьянэзе” паведаміў аб заражэнні каронавірусам трох гульцоў

ФК «Пьянэзе», які выступае ў італьянскай серыі „С” (Д3), абвясціў аб заражэнні каронавірусам трох футбалістаў, а таксама супрацоўніка клуба. „Пьянэзе” размяшчаецца на 19-м месцы групы „A”, набраўшы 24 ачкі. 23 лютага адбылася ўспышка каронавіруса ў Італіі і з тых часоў краіна стала чацвёртай найбуйнейшай па захворванням у свеце.

БГК імя Мяшкова завершыць сезон Лігі чэмпіёнаў сустрэчай з „Порту”

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова сёння завершыць групавы этап Лігі чэмпіёнаў хатнім матчам з партугальскім „Порту”. Сустрэча пачнецца ў 19.30. Для абодвух супернікаў паядынак не мае прынцыповага значэння. У папярэднім туры партугальская чэмпіён абыграў на сваёй пляцоўцы паўночнамакедонскі „Вардар” і ўпершыню ў гісторыі забяспечыў сабе выхад у плэй-оф. Берасцейцы перамаглі нямецкі „Кіль”, але гэтага не хапіла, каб выйсці з групы Лігі Чэмпіёнаў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by