Расейская валейбалістка Вольга Багданава папоўніла склад „Мінчанкі”



Нападніца Вольга Багданава працягне кар’еру ў складзе валейбольнай каманды „Мінчанка”.

Вольга заменіць Багдану Анісаву. У менскім клубе таксама пацвердзілі рашэнне Вольгі Пальчэўскай завяршыць гульнявую кар’еру. Вядомая распасоўніца зборнай Беларусі стане памочнікам галоўнага трэнера ў дублі жаночай каманды.

Зборная Беларусі апусцілася на 84-е месца ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола

Зборная Беларусі займае 84-е месца ў апублікаваным рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У параўнанні з папярэднім спісам каманда страціла дзве пазіцыі, у зборнай засталася такая ж колькасць ачкоў – 1286. У кваліфікацыі ў групе С беларусы пасля чатырох паразаў займаюць чацвёртае месца. У топ-3 рэйтынгу Бельгія, Бразілія і Францыя.

Таццяна Драздоўская заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіо

Вядучая беларуская яхтсменка Таццяна Драздоўская заваявала ліцэнзію ў парусным спорце на XXXII летнія Алімпійскія гульні ў Токіо. На чэмпіянаце свету ў класе судоў „Лазер Радыял”, які завяршыўся ў Японіі, Таццяна Драздоўская пасля пяці кваліфікацыйных гонак прабілася ў вырашальную стадыю, дзе правяла шэсць фінальных заездаў. Беларуска заняла выніковае чацвёртае месца сярод прэтэндэнтак на алімпійскія ліцэнзіі і 40-ю пазіцыю ў агульным заліку спаборніцтваў. Чэмпіёнкай свету стала Ан-Мары Рындом з Даніі. Другое месца ў Мары Баўмістар з Нідэрляндаў. На трэцім радку размясцілася брытанка Элісан Янг. Таццяна Драздоўская з’яўляецца чэмпіёнкай свету 2007 года, прымала ўдзел у пяці Алімпіядах з 2000 па 2016 гады, а лепшы вынік паказала ў 2012 годзе ў Лондане – 15 месца.

БАТЭ, менскае і берасцейскае „Дынама” аштрафаваныя за паводзіны фанатаў

Тры вядучыя беларускія футбольныя клубы аштрафаваныя за паводзіны фанатаў. Па выніках пасяджэння Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ прынята рашэнне пакараць футбольныя клубы БАТЭ, „Дынама Мінск” і „Дынама Брэст”. Штраф для кожнай з каманд склаў 50 базавых велічынь. ФК БАТЭ і „Дынама Мінск” пакараныя за скандаванне гледачамі ненарматыўнай лексікі і абразлівых выразаў на стадыёне. Берасцейскае „Дынама” аштрафавана за выкарыстанне заўзятарамі піратэхнікі.

25 ліпеня салігорскі „Шахцёр” згуляе з „Эсбьергам”

25 ліпеня салігорскі „Шахцёр” прыме „Эсбьерг” у першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы. Сустрэча пачнецца ў 20.00.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ВК „Мінск”