Расейскі брамнік папоўніў «Гомель»
34-гадовы расейскі брамнік Сяргей Магарылаў (1985) стаў гульцом «Гомеля». Кантракт з галкіперам падпісаны да канца сезона. У КХЛ ён выступаў за «Северсталь». У мінулым сезоне правёў 6 матчаў за каманду з Чарапаўца і 2 гульні за «Ладу» у ВХЛ. За «рысяў» Магарылаў будзе выступаць пад 51-м нумарам.
Нападнік Арцём Калашнікаў пакінуў „Мюік”, які выступае ў трэцім фінскім дывізіёне, інфармуе hockey.by. У гэтым сезоне 25-гадовы беларус правёў за „Мюік” 12 матчаў у чэмпіянаце і Кубку Фінляндыі, у якіх набраў 13 (2+11) ачкоў.
На матч „Дынама” Берасце – „Шахцёр” усе квіткі прададзеныя
На матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі паміж берасцейскім „Дынама” і салігорскім „Шахцёрам” чакаецца аншлаг. Усе квіткі на берасцейскую арэну прададзеныя, паведамляе „Беларускі футбол”. Стадыён здольны прыняць 10169 чалавек. Матч „Дынама” – „Шахцёр” пройдзе 3 лістапада і пачнецца ў 18.00.
Сабаленка і Мертенс перамаглі ў другім матчы на выніковым турніры WTA
Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізе Мертенс здабылі першую перамогу ў парным разрадзе на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), які праходзіць у кітайскім Шэньчжэні. У другім туры спаборніцтваў у Чырвонай групе беларуска-бельгійскі тандэм абыграў пару з кітайскага Тайбэя – Лаціша Чан / Хаоцын Чжань – 7:6 (7:5), 6:4. У заключнай сустрэчы папярэдняга этапа 1 лістапада яны згуляюць з венгерска-французскай парай Тымеа Бабош / Крысціна Младенавіч.
Беларус Ілья Івашка выйшаў у трэці круг „Чэленджара” у Германіі. Ён без праблем справіўся з чэхам Томашам Махачам – 6:3, 6:0.
Украінка Эліна Світоліна (8 ВТА) стала першай паўфіналісткай Выніковага турніру ВТА. Дзеючая пераможца спаборніцтваў перамагла румынку Сімону Халеп (5) у другім туры групавога раунда – 7:5, 6:3. Другая перамога дазволіла Світолінай забяспечыць сабе ўдзел у плэй-оф.
Уладзімір Крыкуноў – чацвёрты трэнер у гісторыі КХЛ, які здабыў 300 перамог
Настаўнік маскоўскага „Дынама” беларус Уладзімір Крыкуноў стаў чацвёртым трэнерам у гісторыі, які здабыў 300 перамог у КХЛ. Заслужаны трэнер БССР патрапіў у кампанію да Дзмітрыя Квартальнага, Алег Знарока і Зінэтуле Білялетдзінава.
Дзік Адвакаат узначаліў „Фейеноорд”
Вядомы галандскі спецыяліст Дзік Адвакаат узначаліў „Фейеноорд”. 72-гадовы настаўнік будзе працаваць у якасці выконваючага абавязкі галоўнага трэнера клуба да канца гэтага сезона. Адвакаат на гэтай пасадзе зменіць Япа Стама, які падаў у адстаўку пасля няўдалага пачатку сезона. Клуб набраў 14 ачкоў у 11 матчах і займае 11-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Нідэрландаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя