Расейскія лёгкаатлеты выступяць пад сцягам Беларусі?



Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Яўген Фёдараў накіраваў запыт кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку з просьбай пачаць кансультацыі пра магчымасці выступу расейскіх лёгкаатлетаў пад сцягам Беларусі на міжнародных спаборніцтвах. Пра гэта ў аўторак, 31 студзеня, паведамляюць “РІА Навіны”.

«Беручы пад увагу дзеючы статус Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, прашу Вас пачаць папярэднія кансультацыі аб магчымасці выступу расейскіх лёгкаатлетаў на міжнародных спаборніцтвах пад сцягам рэспублікі Беларусь да моманту зняцця забароны Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый», – гаворыцца ў дакуменце.

Лукашэнка таксама ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

У студзені некалькі расейскіх лёгкаатлетаў, уключаючы чэмпіёна свету па бегу з бар’ерамі Сяргея Шубянкова, падалі дакументы на выступ пад нейтральным сцягам.

13 лістапада 2015 года Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) прыпыніла сяброўства Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі ў арганізацыі на нявызначаны тэрмін з-за частых выпадкаў прымянення забароненых прэпаратаў. Пры гэтым IAAF пакінуў за спартоўцамі, не замешанымі ў допінгавым скандале, права на выступ на міжнародных спаборніцтвах, але не пад сцягам Расеі.

Фота sportfm.ru