Расею як дзяржаву не дапусцілі на алімпійскія гульні
Нацыянальны алімпійскі камітэт Расеі адхілены ад удзелу ў зімовай алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане. Такое рашэнне прыняў выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту, які засядаў у Лазане, паведаміў сайт МАК.
Разам з тым МАК дапусціў да ўдзелу ў Гульнях асобных расейскіх спартоўцаў, якія выканалі кваліфікацыйны нарматыў. Спіс дапушчаных да Алімпіяды расейцаў вызначыць адмысловая камісія, у якую ўвойдуць прадстаўнікі МАК і Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.
Расейцы могуць спаборнічаць пад алімпійскім сцягам як „алімпійскія атлеты з Расеі”. У разе перамогі прадстаўніка РФ у яго гонар будзе выконвацца алімпійскі гімн, сказана ў паведамленні.
Спартоўцам з Расеі таксама забароняць наносіць на форму нацыянальную атрыбутыку.
Аніводны з членаў алімпійскай зборнай Расеі на зімовых Гульнях у Сочы 2014 года не атрымае запрашэння на Алімпіяду ў Пхёнчхане, пастанавіў выканкам. Таксама ў лік „алімпійскіх атлетаў з Расеі” не ўвойдзе аніводны спартовец, які раней быў выяўлены ў прымяненні забароненых прэпаратаў альбо ў парушэнні антыдопінгавых правілаў
Кожны расейскі прэтэндэнт на паездку ў Паўднёвую Карэю абавязаны будзе прайсці адмысловыя допінг-тэсты, дадалі ў МАК.
Зборнай Расеі па хакеі, а таксама яе камандам па кёрлінгу дазволена выступіць на алімпіядзе.
Беларускае Радыё Рацыя