РазВалілі Расею
Панядзелак стаў чорным для футбольнай зборнай Расеі. Каманда, якую магла вывесці ў наступны раўнд толькі перамога, з трэскам праваліла сустрэчу і прайграла Уэльсу 0:3.
Валійцы упершыню ў гісторыі адолелі расейскую дружыну, пры чым зрабілі гэта на дзіва лёгка і ўпэўнена. Леанід Слуцкі адчайна картаваў сваю незайздросную калоду, але як не рассаджвай музыкантаў сярэдняй рукі, каму не раздавай інструманты, аркестр зладжана не зайграе. Ужо на 11-й хвіліне Арон Рамсэй пасля тонкай перадачы Джо Алена вываліўся сам насам з галкіперам і ўпэўнена падсечкай перайграў яго. На 20-й у падобнай сітуацыі з дзвюх спробаў вызначыўся ня надта зграбны Ніл Тэйлар. Гэты абаронец забіў свой першы мяч за нацыянальную дружыну Уэльса, а ўвогуле ня ведаў смаку гола ажно шэсць гадоў. “Цмокі” і надалей трывала трымалі ніці гульні ў сваіх руках, маглі забіваць шмат і нібыта шкадавалі няшчаснага брамніка Акінфеева. Урэшце на 69-й хвіліне Гарэт Бэйл, атрымаўшы пас ад Рамсэя, ткнуў мяч левай і гэтым эфектным “хукам” зняў усе пытанні. Бэйл жа выбіўся ў лепшыя бамбардзіры турніру – на рахунку рэалаўца стала 3 забітыя мячы.
Расея-Уэльс-0:3 (Арон Рамсэй, 11, Ніл Тэйлар, 20, Гарэт Бэйл, 67).
Да апошняга моманту было незразумела, аднак, як размяркуюцца першыя тры месцы ў групе „В”, паколькі паралельна Англія ніяк не магла забіць Славаччыне. Камандор зборнай “трох ільвоў” Рой Ходжсан дагэтуль ня можа вызначыцца з аптымальным падборам кадраў. На гэты раз ён выпусціў у стартавай абойме ажно чатырох гульцоў “Ліверпуля”, пакінуўшы ў запасе самога Уэйна Руні, але гэта таксама не дало асаблівага плёну. Славакі ў апошніх 10 паядынках саступілі толькі ў адным і зноў пацвердзілі рэпутацыю баяздольнай дружыны. У ангельцаў няма зараз ярка выражанага бамбардзіра. Дастаткова сказаць, што 10 апошніх галоў брытанцаў на еўрачэмпіянатах запісалі на свой баланс 10 розных футбалістаў. Усе высілкі прадстаўнікоў туманнага Альбіёна так і разбіліся аб маналітны мур Шкртэла і кампаніі. Матч скончыўся нулявой нічыёй, а славакі ўпершыню не прайгралі Англіі.
Англія-Уэльс-0:0
Выніковае становішча ў групе „В”: 1. Уэльс – 6 ачкоў, 2. Англія – 5, 3. Славаччына – 4, 4. Расея – 1.
Абедзве брытанскія дружыны ўжо ў плэй-оф, славакам жа давядзецца чакаць вынікаў спабору ў іншых групах.
У аўторак пройдуць заключныя паядынкі ў квартэтах “С” і “D”
А 19-й гадзіне беларускага часу у Марсэлі прагучаць гімны Украіны і Польшчы, а ў Парыжы – Паўночнай Ірляндыі і Нямеччыны. Жоўта-блакітным застаецца пазмагацца за сваё добрае імя, не выключана, што яны “падкладуць свінню” сваім суседзям. Украінцы на Еўра яшчэ не забілі аніводнага мяча, сама час прыбраць гэты ганебны нуль і магчыма парадаваць публіку адкрытым футболам. Польшча правяла тактычна абсалютна дзве розныя баталіі і абавязана браць хоць бы ачко. Тым больш, што мае вельмі сбалансаваную рэпрэзентацыю. Бундэсманшафт нацэлена толькі на першае месца ў групе і будзе прэсінгаваць ольстэрцаў ужо з першых хвілін. Нічыя для Паўночнай Ірляндыі станецца шчаслівым зыходам і вельмі верагодна выведзе яе у наступны этап турніру.
Становішча ў групе “С” зараз такое: Германія – 4 ачкі, Польшча – 4, Паўночная Ірляндыя – 3, Україна – 0.
А вось у кампаніі “D”, найбольш моцнай, на мой погляд, чакаецца захапляльнае дзейства – у Бардо за першую пазіцыю будуць біцца Харватыя з Іспаніяй. Па вялікім рахунку чэмпіёнаў Еўропы абсалютна задаволіць і нічыя, шахматныя ж наўрад ці захочуць трапляць у 1/8-й на Італію і будуць атакаваць. Трывожыць стан шпільмахера Лукі Модрыча, які атрымаў пашкоджанне ў папярэдняй сустрэчы. “Фурыя роха” мае ўнікальныя серыі – па-першае не сатступае на Еўра ўжо 14 матчаў запар, па-другое, Іспанія ў апошніх 10 матчах забіла 21 гол і не прапусціла аніводнага (!). 7 з 8 апошніх галоў на рахунку тандэма Марата-Наліта. Так што харватам патрэбна прыдумваць нешта неардынарнае.
У Лансе спаткаюцца Чэхія з Турцыяй. Для чэхаў на Еўра надзвычай удалымі былі 1976-ы і 1996-ы гады, па логіцы цыклу – цяпер іх час. Але ці не выбралі славяне крэдыт удачы ў папярэднім матчы з харватамі? Еўразійская турэцкая дружына пастараецца бразнуць дзвярыма на развітанне, маючы толькі прывідныя шанцы на плэй-оф. У кожным разе гэтая пара не павінна сядзець у абароне, а шукаць шчасця ля чужой брамы. Прыгадаю, што чэхі гулялі з туркамі ў адной адборавай групе – тады супернікі абмяняліся выязнымі перамогамі.
Становішча ў групе “D”: Іспанія – 6 ачкоў, Харватыя – 4, Чэхія – 1, Турцыя – 0.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя