Развітанне з Румыніяй



У нядзелю ўвечары на Еўра завяршылася змаганне ў групе „А”. Паралельныя матчы завяршыліся так:

Швайцарыя-Францыя-0:0

Румынія-Албанія-0:1 (Арманда Садзіку, 43).

Трэнер французаў Дзідзье Дэшам мог дазволіць сабе раскошу пакінуць на лаўцы рэзервовых шэраг лідараў. Заставалася толькі не прайграць памяркоўна амбітным швайцарцам, каб захаваць першую пазіцыю. “Трохкаляровыя былі блізкія да поспеху, але альбо бездакорна дзеіў на браме “крыжакоў” галкіпер з чыста летнім прозвішчам Ян Зоммер, альбо “козыр” не ішоў у рукі. Так двойчы трапілі ў папярэчыну швайцарцаў Поль Пагба, які нібы пераняў эстафету няўдачлівасці ад Крышціяну Раналду, і выйшаўшы на замену Дзімітры Пает. А адзін з небяспечных удараў Паета анекдатычна трапіў у галаву партнёра. Сустрэча стала яскравай антырэкламай вытворцам спартовай формы – швайцарцам разадралі на шматкі чатыры ці пяць кашулек, а ў адным з эпізодаў лопнуў нават мячык. Прызнаюся, што за сорак гадоў заўзення нечага падобнага бачыць не даводзілася. Канцоўку супернікі праводзілі на скінутых абаротах і захавалі статус-кво.

Албанія дамаглася гістарычнай перамогі на Еўра і адправіла заўчасна дахаты румынскі калектыў. Генерал Ангел Ёрданэску празмерна асвяжыў стартавы склад, румыны адразу пайшлі ў наступ, але натыкаліся на непрыступныя албанскія доты. Не будзем забывацца, што фартэцыю балканцам паставіў Джавані Дэ Б’язі – лепш італіцаў у катэнача не разбіраецца ніхто. А на 43-й хвіліне албанскія і іншыя еўрапейскія статыстыкі занатавалі гістарычны факт – першы албанскі гол на топ-турніры. Гэта форвард Арманда Садзіку з экзатычнага клуба “Вадуц”, што з Ліхтэнштайна, перавісеў у паветры празмерна нэрвовага ў гэты дзень брамніка Тэтэрушану і галавой накіраваў мяч у сетку. У другой палове для румынаў усё выглядала безнадзейна. Албанцы ж ледзь зноў не дамагліся поспеху – абаронец Ліля трапіў у металёвую папярэчыну.

Канчатковае становішча ў групе „А” такое: 1. Францыя – 7 ачкоў, 2. Швайцарыя – 5, 3. Албанія – 3, 4. Румынія – 1.

Такім чынам Францыя і Швайцарыя крочаць далей, румыны пакідаюць кантынентальнае першынства. Албанія ж застаецца чакаць зыходу матчаў у іншых квартэтатах спаборнікаў. Ці хопіць ёй 3 ачкі для выхаду ў плэй-оф пакажуць бліжэйшыя дні.

У панядзелак позна ўвечары развяжуць свае спрэчкі дружыны групы “В”. Варыятыўнасць размяшчэння па месцах вельмі шырокая. У Сэнт-Эцьене будуць выкладваць усе козыры  Славаччына і Англія. Славакі раней прайгралі ўсе тры сустрэчы камандзе “трох ільвоў”, але наўрад ці маюць комплекс непаўнавартасці перад гэтай бітвай. Тактыка ж зборных можа мяняцца і напэўна будзе залежаць ад падзей ў іншым горадзе.

Паралельна ў Тулузе зыдуцца каманды Расеі і Уэльса. Паміж сабой яны сустракаліся 4 разы, прычым брытанцы дамагліся толькі адной нічыі. Многім памятны адборавы турнір да Еўра-2004, тады верх узялі маскоўцы, адзначыўшыся ня толькі мінімальнай перавагай, але і хамствам на відэакамеру. Гулялі яны і пазней у кваліфікацыі да мундыялю – тады двойчы ўзялі верх расейцы, а Гарэт Бэйл, не рэалізаваў пенальці. Так што рахункі нядаўнія і вельмі прынцыповыя. Расею цяпер задаволіць толькі перамога.

Становішча ў групе “В”: Англія – 4 ачкі, Уэльс і Славаччына – па 3, Расея – 1.

Беларускае Радыё Рацыя