«Рэал» перамог «Шальке-04» у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты «Рэала» перамаглі «Шальке-04» ў першай гульні 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэча ў Гёльзенкірхене скончылася з лікам 2:0 на карысць мадрыдцаў. Госці выйшлі наперад на 26-й хвіліне, калі Крышціяну Раналду галавой замкнуў навес Даніэля Карвахаля.
Нямецкая каманда была блізкая да таго, каб забіць на 74-й хвіліне, аднак мяч пасля ўдару Фелікса Плата трапіў у перакладзіну. Канчатковы вынік на табло ўсталяваў Марсэла, які на 79-й хвіліне, атрымаўшы пас ад Раналду, з лініі штрафной адправіў мяч у далёкую «дзявятку».
У іншым матчы дня «Базэль» і партугальскі «Порту» згулялі ўнічыю з лікам 1:1.
Гаспадары выйшлі наперад на 11-й хвіліне дзякуючы дакладнаму ўдару Дэрліса Гансалеса. Параўняць лік госці здолелі на 79-й хвіліне: «цмокі» атрымалі права на 11-мятровы ўдар, які рэалізаваў Даніла.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота championat.com