„Рэал” пяты раз заваяваў Суперкубак
Футбалісты мадрыдскага „Рэала” пяты раз выйгралі Суперкубак УЕФА, перамаглі нямецкі „Айнтрахт” з лікам 2:0.
На 37-й хвіліне гульні вызначыўся Давід Алаба, а на 65-й канчатковы лік усталяваў лідар атак „Рэала” Карым Бензема. У мінулыя гады футбалісты „Рэала” сем разоў змагаліся за Суперкубак і чатыры разы станавіліся яго ўладальнікамі.
„Клуж” — „Шахцёр”: стартавы свісток прагучыць сёння а 20.00
Сёння салігорскі „Шахцёр” правядзе матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый супраць румынскага „Клужа”. Першая, „хатняя”, сустрэча завяршылася з лікам 0:0. Старт сённяшняга матча запланаваны на 20.00 па беларускім часе.
„Брэст” ідзе без паразаў на Кубку Салея
Матчамі ў Менску, Гародні і Берэсці працягнуўся 22-і розыгрыш Кубка Салея. Самы выніковы паядынак адбыўся ў Гародні, дзе мясцовы „Нёман” прымаў салігорскі „Шахцёр”. Падчас сустрэчы гарадзенцы прайгравалі з лікам 1:3, але дзякуючы рыўку ў трэцім перыядзе, здабылі перамогу – 5:3. Дублем у складзе гаспадароў вызначыўся Ілля Летаў.
Хакеісты „Брэста” святкавалі трэцюю вікторыю ў трох матчах, на гэты раз яны абыгралі „Ліду” – 3:2. У трэцім матчы на Кубку Руслана Салея хакейны клуб „Юнацтва-Мінск” саступіў „Дынама-Маладзечна” па булітах з лікам 2:3. Сустрэча для менчукоў складалася не лепшым чынам. Да пачатку трэцяга перыяду яны прапусцілі ў кожным перыядзе па шайбе. Галамі ў большасці адзначыліся Павел Капыцін і Даніл Пяцін на 7-й і 36-й хвілінах адпаведна. Аднак да моманту гучання фінальнай сірэны «Юнацтва» змагло зраўняць лік намаганнямі Андрэя Грышакова і Сяргея Станкевіча. Авертайм прайшоў без закінутых шайбаў, але з цікавай падзеяй: за неспартовыя паводзіны з арэны быў выдалены галоўны трэнер маладзечанцаў Андрэй Кавалёў. А ў серыі булітаў поспех быў на баку «Дынама».
Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Таронта
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніра катэгорыі WTA-1000 у канадскім Таронта з прызавым фондам 2,6 мільёна даляраў. У 1/16 фіналу шостая ракетка планеты ўпэўнена перайграла ў дзвюх партыях іспанку Сару Сарыбес-Торма, якая знаходзіцца на 41-м месцы ў сусветным рэйтынгу, – 6:4, 6:3. У матчы за трапленне ў чвэрцьфінал Арына Сабаленка будзе супернічаць з 11-й ракеткай планеты амерыканкай Коры Гаўф.
Беларускае Радыё Рацыя
