„Рэал”, „Рома”, „Манчэстэр Сіці”, „Баварыя”, „Аякс”, „Ювентус” і „МЮ” выйшлі ў плэй-оф ЛЧ
Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі ўступілі чэшскай „Вікторыі” ў Лізе чэмпіёнаў.
У гульні 5-га тура групы G на полі стадыёна „Лужнікі” армейцы адкрылі лік на 10-й мінуце пасля пенальці, рэалізаванага Ніколам Улашычам. Аднак большага гаспадары дабіцца не змаглі і ў другім тайме прапусцілі два мячы, прайграўшы ў выніку 1:2. У матчы першага круга групавога этапу ў Пльзені сапернікі згулялі ўнічыю – 2:2. ЦСКА, таксама як і „Вікторыя”, страціў шанцы выйсці ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Туды прабіліся ўжо фаварыты гэтага квартэта італьянская „Рома” і мадрыдскі „Рэал”. Іх сустрэча на рымскім „Стадыё Алімпіка” завяршылася перамогай іспанскага гранда 2:0. Турнірнае становішча пасля пяці тураў: „Рэал” – 12 ачкоў, „Рома” – 9, ЦСКА – 4, „Вікторыя” – 4.
Данецкі „Шахцёр”, які выступае ў групе F, перамог у гасцях нямецкі „Хафенхайм” 3:2. У першым крузе гэтыя сапернікі гулялі ў Харкаве і разышліся мірам – 2:2. Французскі „Ліён” на сваім полі згуляў унічыю з англійскім „Манчэстэр Сіці” – 2:2. Чэмпіён Англіі выйшаў у плэй-оф. Турнірнае становішча: „Манчэстэр Сіці” – 10, „Ліён” – 7, „Шахцёр” – 5, „Хафенхайм” – 3.
Лідар квартэта Е нямецкая „Баварыя” ў Мюнхене разграміла партугальскую „Бенфіку” – 5:1. Галандскі „Аякс” у Афінах перайграў грэчаскі АЕК – 2:0 і разам з баварцамі выйшаў у плэй-оф галоўнага кантынентальнага турніру. Турнірнае становішча: „Баварыя” – 13, „Аякс” – 11, „Бенфіка” – 4, АЕК – 0.
У групе Н італьянскі „Ювентус” у Турыне перамог іспанскую „Валенсію” 1:0 і забяспечыў сабе пуцёўку ў 1/8 фіналу. Другі пропуск гарантаваў сабе англійскі „Манчэстэр Юнайтэд”, які адолеў на сваім полі швейцарскі „Янг Бойз” з Берна – 1:0. Турнірнае становішча: „Ювентус” – 12, „Манчэстэр Юнайтэд” – 10, „Валенсія” – 5, „Янг Бойз” – 1.
У астатніх групах сустрэчы 5-га тура пройдуць сёння вечарам:
А – „Атлетыка” (Мадрыд, Іспанія) – „Манака”, „Барусія” (Дортмунд, Германія) – „Бруге” (Бельгія). Турнірнае становішча: „Барусія” – 9, „Атлетыка” – 9, „Бруге” – 4, „Манака” – 1.
В – „Тотэнхэм” (Лондан, Англія) – „Інтэр” (Мілан, Італія), ПСВ (Эйндхавен, Нідэрланды) – „Барселона” (Іспанія). Турнірнае становішча: „Барселона” – 10, „Інтэр” – 7, „Тотэнхэм” – 4, ПСВ – 1. „Барселона” ўжо забяспечыла сабе выхад у 1/8 фіналу.
С – „Напалі” (Італія) – „Црвена Звезда” (Бялград, Сербія), „Пары Сен-Жэрмен” (Францыя) – „Ліверпуль” (Англія). Турнірнае становішча: „Ліверпуль” – 6, „Напалі” – 6, „Пары Сен-Жэрмен” – 5, „Црвена Звезда” – 4.
D – „Порту” (Партугалія) – „Шальке” (Гельзенкірхен, Германія), „Лакаматыў” (Масква, Расія) – „Галатасарай” (Стамбул, Турцыя). Турнірнае становішча: „Порту” – 10, „Шальке” – 8, „Галатасарай” – 4, „Лакаматыў” – 0.
У плэй-оф чэмпіёнскай Лігі выйдуць па дзве лепшыя каманды з васьмі груп, а клубы, якія фінішуюць трэцімі, прадоўжаць выступленне ў 1/16 фіналу другога па рангу кантынентальнага турніру – Лізе Еўропы.