„Рэал” выбыў з Лігі чэмпіёнаў
Турынскі „Ювентус” выйграў па суме двух матчаў у мадрыдскага „Рэала” у паўфінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Першы матч у Турыне завяршыўся з лікам 2:1 на карысць „Ювентуса”, і ў сустрэчы ў адказ „Рэал” задавальняла перамога 1:0. Менавіта такі лік гарэў на табло пасля першага тайма дзякуючы голу з пенальці Крышціану Раналду.
Але пазмагацца за другі тытул запар мадрыдскай камандзе не атрымалася. Іх выхаванец Альвара Марата, прададзены летам у „Ювентус”, зраўняў лік на 57-й хвіліне. І гаспадары, і госці мелі некалькі галявых магчымасцяў у канцы матчу, але бліскучая гульня Ікера Касільяса і Джанлуіджы Буфона не дазволіла камандам змяніць лічбы на табло.
У фінале 6 чэрвеня „Ювентус” згуляе з „Барселонай”, якая па суме двух матчаў выйграла ў „Баварыі” – 5:3.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ru.euronews.com