„Рэал” вырваў перамогу над „Манчэстэр Сіці” і стаў другім фіналістам Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты мадрыдскага „Рэала” заваявалі пуцёўку ў фінал Лігі чэмпіёнаў, па суме дзвюх сустрэч у паўфінале перайграўшы англійскі „Манчэстэр Сіці”. У матчы ў адказ у Мадрыдзе „Рэал” выйграў з лікам 3:1. У першай гульні „Манчэстэр Сіці” дома перамог „Рэал” з лікам 4:3.

Па ходу матчу ў адказ „Рэал” саступаў з лікам 0:1 і для выхаду ў фінал яму – з улікам першай сустрэчы – трэба было адыграць два мячы. Гэта ўдалося зрабіць толькі ў кампенсаваны да другога тайма час. А потым іспанская каманда забіла трэці гол, што прынесла перамогу па суме двух матчаў. Першы гол у матчы забіў паўабаронца „Манчэстэр Сіці” Рыяд Марэз на 73-й хвіліне. „Рэал” зраўняў на 90-й дзякуючы голу Радрыга. Праз хвіліну Радрыга аформіў дубль і перавёў гульню ў авертайм. На 95-й хвіліне нападнік „Рэала” Карым Бензема зарабіў пенальці, які сам і рэалізаваў. Такім чынам, „Рэал” перамог ў двухматчавым супрацьстаянні з агульным лікам 6:5.

Жлобінскі „Металург” праяўляе цікавасць да Міхаіла Стэфановіча

Беларускі форвард Міхаіл Стэфановіч трапіў у сферу інтарэсаў жлобінскага „Металурга”, – паведамляе „БХ”. У мінулым сезоне 32-гадовы нападнік набраў 29 (17+12) ачкоў у 36 гульнях за „Шахцёр”, а ў плэй-оф дадаў 10 (5+5) балаў у 11 паядынках. Нагадаю таксама, што Стэфановіч з’яўляецца пяціразовым чэмпіёнам Беларусі.

Рафаэль Надаль выйграў першы ж матч пасля перапынку з-за расколіны ў рабры

21-разовы чэмпіён турніраў „Вялікага шлема” іспанец Рафаэль Надаль перамог ў першым матчы пасля вяртання на корт. У канцы сакавіка лекары дыягнаставалі ў 34-гадовага Рафаэля расколіну ў рэбернай дузе. Грунтавы турнір серыі „Мастэрс” у Мадрыдзе стаў для іспанца першым пасля вымушанага перапынку. У матчы другога раўнда Надаль  абыграў прадстаўніка Сербіі Міаміра Кецманавіча з лікам 6:1, 7:6 (7:4). Сустрэча працягнулася 1 гадзіну 56 хвілін.

Футболку Марадоны, у якой ён забіў „рукой бога”, прадалі за рэкордныя 8,5 мільёнаў еўра

Футболку легендарнага аргентынскага гульца Дыега Марадоны прадалі на аўкцыёне за рэкордныя 8,5 мільёнаў еўра, паведамляе CITY A.M.

Паводле інфармацыі крыніцы, на продаж была выстаўленая футболка аргентынца з матчу 1/4 фіналу чэмпіянату свету 1986 года са зборнай Англіі, які аргентынцы выйгралі 2:1. У той гульні Марадона аформіў дубль, забіўшы адзін з мячоў рукой, які пазней атрымаў назву „рука бога”. Стартавая цана футболкі складала  амаль 5 мільёнаў еўра.

Апошнія 35 гадоў футболка належала экс-хаўбеку зборнай Англіі Стыву Ходжу. Ён абмяняўся майкамі з Марадонай пасля матчу. Адзначаецца, што продаж футболкі Марадоны стаў рэкорднай здзелкай у гісторыі спартовай атрыбутыкі. На ЧС-1986 перамогу святкавала нацыянальная каманда Аргенціны. Дыега Марадона быў прызнаны лепшым гульцом турніру. 25 лістапада 2020 года былы футбаліст памёр ад спынення сэрца. Яму было 60 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя