„Рэал”, здзейсніўшы камбэк пасля 0:2, забіў пяць мячоў „Ліверпулю”



Мадрыдскі „Рэал” на выездзе адолеў „Ліверпуль” у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў — 5:2. Госці прапусцілі двойчы ў дэбюце, аднак змаглі пераламіць ход паядынку. Дублямі ў „Рэала” вызначыліся форварды Вінісіус Жуніёр і Карым Бензема.

У першым тайме грубыя памылкі дапусцілі галкіперы абедзвюх каманд: спачатку Цібо Куртуа падвёў мадрыдцаў, а пасля Алісан падарыў гол „Рэалу”. Раней ніводнай камандзе не ўдавалася забіць пяць мячоў „чырвоным” на „Энфілдзе” ў еўракубкавай сустрэчы, матч у адказ адбудзецца 15 сакавіка.

У другім матчы  „Айнтрахт” саступіў „Напалі” 0:2. На 36-й хвіліне Хвіча Кварацхелія не рэалізаваў пенальці, аднак «Напалі» усё ж выйшаў наперад у першым тайме: вызначыўся Віктар Асімхен. На 58-й хвіліне чырвоную картку атрымаў нападнік «Айнтрахта» Рандал Коло Муані. Праз сем хвілін Джавані Ды Ларэнца адгукнуўся на пас Кварацхеліі і зрабіў лік 2:0.

Грамыка і БАТЭ заключылі новы кантракт

Валерый Грамыка падпісаў новы кантракт з БАТЭ. Пра гэта паведамляе сайт барысаўчан. У мінулым сезоне паўабаронца вылучыўся на ролю аднаго з лідэраў каманды. У чэмпіянаце ў складзе „жоўта-сініх” стаў другім па згуляных матчах пасля Станіслава Драгуна; стаў другім асістэнтам з 5 перадачамі; з 10 ачкамі падзяліў трэцяе месца па сістэме „гол плюс пас” з Неманья Мілічам.

У мінулым годзе Грамыка стаў паўнавартасным гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі, а яшчэ правёў 47 афіцыйных матчаў за год — больш, чым які-небудзь іншы беларускі футбаліст.

Севасцьянік завяршыў судзейскую кар’еру

Гарадзенскі арбітр Віталь Севасцьянік завяршыў судзейскую кар’еру і ўвайшоў у склад дэпартамента судзейства і інспектавання БФФ. Ён заняў месца Уладзіміра Кузьміна на пасадзе галоўнага спецыяліста дэпартамента. Узначальвае гэта падраздзяленне федэрацыі Франц Лецяга. 42-гадовы Севасцьянік працаваў на матчах вышэйшай лігі з 2007 года, а з 2009-га – на міжнародных спаборніцтвах, адзначае football.by. У чэмпіянаце Беларусі адсудзіў больш за 150 матчаў.

„Крумкачы” запусцілі новы беларускамоўны сайт  

З нагоды дня роднай мовы „Крумкачы” запусцілі новы беларускамоўны сайт. Усе навіны клуба і вынікі матчаў можна будзе чытаць на рускай мове на krumkachy.com, а на роднай беларускай — на krumkachy.by, паведамляе прэс-служба мiнскага клуба.

„Дынама” прайграла „Трактару” ў КХЛ

Хакейнае мінскае „Дынама” пацярпела паразу ў перадапошнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У заключнай хатняй гульні „рэгуляркі” „зубры” прымалі чалябінскі „Трактар”. Два тыдні таму каманды ўжо сустракаліся ў Чалябінску, тады мацней былі „мядзведзі” – 4:3. Паядынак у адказ на „Мінск-Арэне” выдаўся не менш напружаным. Праблемы ў „Дынама” пачаліся на самым старце матча: госці выйшлі наперад ужо на шостай хвіліне гульні, а незадоўга да перапынку падвоілі перавагу. Адказаць мінчане змаглі толькі незадоўга да канца другой трэці, калі адставанне гаспадароў у ліку скараціў Мікіта Зоркін. У трэцім перыядзе чалябінцы доўгі час утрымлівалі перавагу ў адну шайбу, але за дзве з паловай хвіліны да сірэны форвард „зуброў” Раман Гарбуноў усё ж аднавіў парытэт – 2:2. Сустрэча перацякла ў авертайм, а затым і ў серыю пасляматчавых кідкоў, дакладней у якой апынуліся гульцы „Трактара”.

Разін можа ўзначаліць менскае „Дынама”

Настаўнік „Северсталі” Андрэй Разін можа ўзначаліць менскае „Дынама”.

Цяпер Разін узначальвае „Северсталь”, з якой у цяперашнім сезоне гарантаваў удзел у плэй-оф.
Калега Аляксей Шаўчэнка заявіў, што Разін дакладна не застанецца ў „Северсталі”, дзе працуе пяты год, паколькі ў чарапавецкага клуба не будзе грошай. Пры гэтым ён зазначыў, што ў трэнера ёсць два варыянты працягу кар’еры.

Сасновіч прайграла ў 1/16 фіналу турніру ў Дубаі

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла прабіцца ў трэці раунд адзіночнага разраду на турніры катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў.  У 1/16 фіналу беларуска саступіла ў дзвюх партыях 6-й ракетцы свету амерыканцы Кока Гаўф – 0:6, 4:6.  Таксама іншыя дзве беларускія тэнісісткі паспяхова правялі свае сустрэчы 1/16 фіналу. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка выйграла ў амерыканкі Лорын Дэвіс – 6:0, 6:1.

Вікторыя Азаранка  абыграла амерыканскую тэнісістку Аманду Анісімаву  – 4:6, 6:4, 7:6 (7:5).  Першая ракетка свету полька Іга Швёнтэк у 1/16 фіналу аддала ўсяго два гейма фіналістцы US Open—2021 Лейле Фернандэс з Канады — 6:1, 6:1. У 1/16 фіналу мужчынскага турніру ў катарскай Досе з прызавым фондам 1 мільён 300 тысяч даляраў беларус Ілля Івашка  саступіў нідэрландскаму тэнісісту Боціку ван дэ Зандсхюлпу – 2:6, 5:7.

Беларускае Радыё Рацыя