Рэйтынг WTA: Сабаленка – першая ракетка свету



У абноўленым рэйтынгу WTA лідаруе беларуская тэнісістка Арына Сабаленка. На другім месцы па-ранейшаму полька Іга Швёнтак, на трэцім амерыканка Коры Гауф, Вікторыя Азаранка на 19-м месцы. У мужчынскім рэйтынгу Ілля Івашка апусціўся на 175-ю пазіцыю, працягвае ўзначальваць рэйтынг АTP Новак Джокавіч, на другім месцы іспанец Карлас Алькарас, на трэцім расеец Данііл Мядзведзеў.

Аляксей Коласаў прызнаны лепшым брамнікам тыдня ў КХЛ

Беларускі кіпер менскага „Дынама” святкаваў тры перамогі ў трох матчах. Па брамцы Коласава быў нанесены 91 кідок (30,3 у сярэднім за гульню), з якіх ён адбіў 95,6%. Каэфіцыент надзейнасці склаў 1,31. У матчы з „Барысам”, які завяршыўся з лікам 3:0, Коласаў згуляў на нуль.

Форвард «Металурга» Касціцын дыскваліфікаваны на 2 матчы Экстралігі

Адбылося паседжанне судзейскага камітэта ФХБ, на якім нападніка «Металурга» Сяргея Касціцына дыскваліфікавалі за фол, які здарыўся на 60-й хвіліне матчу з «Шахцёрам» (4:5) 6 кастрычніка. Прынята рашэнне дыскваліфікаваць Касціцына на два матчы. Ён прапусціць найбліжэйшыя паядынкі сваёй каманды супраць «Магілёва».

Зборная Беларусі па хакею згуляе з камандамі Расеі, Казахстана і Кітая на Кубку Першага канала

Турнір пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 14—17 снежня. 14 снежня беларусы сустрэнуцца з кітайцамі, 16 снежня згуляюць з расіянамі, а 17 снежня – з казахстанцамі. 15 снежня пройдзе турнір у фармаце „3 на 3”. Усе матчы прыме Лядовы палац. Расію на турніры прадставіць каманда „Расія 25” на чале з Раманам Ратэнбергам.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” трэці раз абыгралі „Мінск” у жаночым чэмпіянаце Беларусі

Футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” перамаглі спартовак „Мінска” ў цэнтральным паядынку жаночага чэмпіянату Беларусі. Трэці ў гэтым першынстве матч двух галоўных фаварытаў прайшоў з перавагай дзейных чэмпіёнак, якія забілі два мячы ў першай палове сустрэчы, у выніку 2:0 на карысць дынамаўскай дружыны. Пасля 25-й запар вікторыі каманда Юрыя Малеева набрала 79 ачкоў і зараз апярэджвае сваіх канкурэнтак на 6 ачкоў, маючы гульню ў запасе.

Нападнік «Барселоны» Ямаль стаў самым маладым аўтарам гола ў гісторыі Ла Лігі

Форвард «Барселоны» Ламін Ямаль забіў у браму «Гранады» ў матчы 9-га тура чэмпіянату Іспаніі. Нападнік стаў самым маладым аўтарам гола ў гісторыі Ла Лігі. Ён вызначыўся ва ўзросце 16 гадоў і 87 дзён. Для Ямаля гэта таксама дэбютны гол за першую каманду «Барселоны». Усяго ён адыграў 11 матчаў за каманду. Гульня ж завяршылася з лікам 2:2. У «Барсы» вызначыўся таксама Сержы Раберта. У «Гранады» дубль у актыве Браяна Сарагосы.

Італія і Турцыя прымуць Еўра-2032

Футбольнае Еўра-2032 пройдзе ў Італіі і Турцыі, паведаміў журналіст Нікола Скіра. Раней федэрацыі футбола абедзвюх краін планавалі правесці турнір самастойна. Пазней яны вырашылі аб’яднаць заяўку, якая зараз з’яўляецца адзінай. Раней паведамлялася, што Еўра-2028 пройдзе ў Вялікабрытаніі і Ірландыі. Пра абодва рашэнні УЕФА павінен абвясціць 10 кастрычніка. Чэмпіянат Еўропы 2024 года будзе прымаць Германія.

Беларускае Радыё Рацыя