Рэйтынг WTA: Сабаленка захавала пазіцыю
У абноўленым рэйтынгу WTA працягвае лідыраваць полька Іга Свёнтэк. Арына Сабаленка захавала за сабой другі радок, Вікторыя Азаранка паднялася на 18-ы, Аляксандра Сасновіч – 74-ая. У мужчынскі рэйтынгу ATP працягвае лідыраваць іспанец Карлас Алькарас. Па выніках тыдня Ілля Івашка падняўся на 96-ы радок рэйтынгу.
У «Шахцёра» даўгі ў некалькі мільёнаў даляраў, магчымае банкруцтва клуба
Як распавёў журналіст Уладзіслаў Татур, адразу некалькі крыніц паведамляюць, што ў салігорскага «Шахцёра» вялікія даўгі – некалькі мільёнаў даляраў. Не выключаецца, што можа быць запушчаны працэс банкруцтва клуба, каб пазней пачаць з другой лігі на базе салігорскага «Партызана», які выступае ў паўднёвым дывізіёне зоны Менскай вобласці Д3.
Кайседа пяройдзе ў «Чэлсі» за 115 мільёнаў фунтаў
Паўабаронца «Брайтана» Мойсэс Кайседа стане гульцом «Чэлсі», паведамляе журналіст Фабрыцыа Рамана ў сваім твітэры. Указана, што «Чэлсі» заплаціць за гульца 115 мільёнаў фунтаў. Гэта новы брытанскі рэкорд па памеры адступных. Кантракт будзе разлічаны да 2031 года з опцыяй падаўжэння да 2032 года. Таксама ўжо запланаваны медагляд. 21-гадовы Кайседа ў мінулай кампаніі забіў 1 мяч і аддаў 1 асіст у 45 матчах. Раней яго хацеў падпісаць «Ліверпуль», але гулец адмовіў яму на карысць «Чэлсі».
«Рэал» абвясціў пра арэнду Кепы
«Рэал» арандаваў галкіпера «Чэлсі» Кепу Арысабалагу. Тэрмін дзеяння арэнднага пагаднення разлічаны на сезон. Раней паведамлялася, што арэнда не будзе ўключаць опцыю выкупу. Кепа з’яўляецца выхаванцам «Атлетыка», адкуль у 2018 годзе перайшоў у «Чэлсі». У мінулым сезоне ён згуляў 42 матчы за лонданцаў, прапусціўшы 45 галоў і 12 разоў пакінуў сваю браму ў недатыкальнасці. Нагадаю, што раней асноўны брамнік мадрыдцаў Цібо Куртуа на трэніроўцы парваў крыжападобную звязку калена.
Пагроза байкоту Алімпіяды рассейваецца: украінцы выступяць на Гульнях нават у выпадку алімпійскага допуску ў Парыж беларусаў і расейцаў
Украінцы адмаўляюцца ад ідэі байкоту і паедуць на Гульні ў Парыжы нават пры допуску туды расейцаў і беларусаў у нейтральным статусе. Пра гэта паведаміў міністр моладзі і спорту Украіны і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны Вадзім Гутцайт. „Нашы спартоўцы павінны быць на Алімпіядзе. Наш сцяг будзе на цырымоніі адкрыцця, на спаборніцтвах, спартоўцы будуць прадстаўляць нашу дзяржаву, каб усе ў свеце ўбачылі, што Украіна ёсць, была і будзе”, — прыводзіць заяву міністра Kyodo News. Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта 28 сакавіка рэкамендаваў дапускаць да міжнародных спаборніцтваў расейскіх і беларускіх спартоўцаў на ўмовах нейтральнасці. Рашэння па іх допуску на Алімпіяду пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя
