Рэкорд Ліанэля Месі



У групе F футбольнай Лігі чэмпіёнаў «Барселона» разграміла на выездзе кіпрскі АПОЭЛ 4:0. Луіс Суарэс адкрыў лік галам, забітым за «Барселону». Хет-трыкам адзначыўся Месі, які апярэдзіў у спісе лепшых бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў Рауля – на рахунку аргенцінца цяпер 74 мячы (на тры больш чым у легендарнага іспанца). Яшчэ ў адным матчы гэтай групы  ПСЖ прымаў у сябе дома «Аякс» і перамог з лікам 3:1.

«Манчэстэр Сіці» вырваў перамогу ў «Баварыі» ў Манчэстэры на стадыёне «Эціхад – Сіці оф Манчэстэр». Сустрэча завяршылася з лікам 3:2. У сярэдзіне першага тайма «Баварыя» засталася ў меншасці: прамую чырвоную картку за грубы фол ў сваёй штрафной супраць Серхіа Агуэра атрымаў Мехдзі Бенаціа. Агуэра рэалізаваў пенальці. На 40-й хвіліне Хабі Алонса ударам са штрафнога прабіў у ніжні кут брамы саперніка, зраўняўшы лік. На зыходзе першага тайма Роберт Левандоўскі замкнуў падачу Жэрома Баатэнга, вывеўшы гасцей наперад. На 86-й хвіліне Агуэра ўцёк ад двух гульцоў мюнхенцаў і адправіў мяч у далёкі кут. На першай хвіліне кампенсаванага часу форвард «гараджанаў» аформіў хет-трык, рэалізаваўшы выхад адзін на адзін. ЦСКА згуляў унічыю з «Ромай» -1:1.

«Чэлсі» на выездзе разграміў «Шальке» 5:0 і гарантаваў сабе выхад у плэй-оф. Па голу на свой рахунак запісалі Джон Тэры, Вілліян, Дыдзье Драгба і Рамірэс. Яшчэ адзін мяч заляцеў у браму «Шальке» у выніку аўтагола.

Беларускае Радыё Рацыя