Роберт Левандоўскі аформіў покер у матчы з «Црвенай Звездай»



Футбалісты маскоўскага «Лакаматыва» страцілі шанцы выйсці ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. У хатнім матчы 5-га тура групы D масквічы прайгралі нямецкаму «Байеру» з Леверкузена з лікам 0:2. У іншым матчы 5-га тура італьянскі «Ювентус» прымаў у Турыне іспанскі «Атлетыка» і выйграў 1:0 дзякуючы голу Паола Дзібалы. У паядынку аўтсайдэраў групы А турэцкі «Галатасарай» у Стамбуле згуляў унічыю з бельгійскім «Бруге» – 1:1.

Цікава, што ў гэтым матчы суддзя выдаліў двух гульцоў «Бруге» за святкаванне гола. Аўтар гола Дзіата зняў майку, а яго партнёр па камандзе Мата зламаў кутні сцяжок. За гэта суддзя паказаў кожнаму з іх па жоўтай картцы. Да гэтага футбалісты ўжо мелі папярэджанні, так што другія «гарчычнікі» прывялі да выдалення з поля.

Футбалісты Нямецкай «Баварыі» разграмілі сербскую «Црвена Звезду» з лікам 6:0. Польскі форвард Роберт Левандоўскі аформіў покер. «Тотэнхэм» святкаваў валявую перамогу над «Алімпіякасам» – 4:2. «Манчэстэр Сіці» не змог абыграць «Шахцёр» – 1:1. Мадрыдскі «Рэал» не ўтрымаў перамогу над французскім «Пары Сэн-Жэрмэн». «Рэал» упэўнена правёў першы тайм і лідараваў 1:0 дзякуючы голу Карыма Бензема.

Але самы запамінальны эпізод адбыўся за пару хвілін да канца першай паловы гульні. Цібо Куртуа сфаліў у штрафной і атрымаў чырвоную картку, але замест пенальці суддзя прызначыў штрафны. Пасля гэтага ён вырашыў звярнуцца да сістэмы VAR. Здавалася, цяпер рэферы дакладна прызначыць 11-метровы, але замест гэтага ён наогул адмяніў і штрафны, і чырвоную картку. Апынулася, што напад парыжан пачаўся з фолу на Марсэла. Другі тайм праходзіў у роўнай барацьбе, а пасля гола Бензема на 79-й хвіліне здавалася, што пытанні аб пераможцы знятыя, але «Рэал» умудрыўся ўпусціць перавагу. Праз пару хвілін Мбапэ вызначыўся пасля памылкі Рафаэля Варана, а неўзабаве Пабла Сарабія ўсталяваў канчатковы лік дакладным ударам у «дзявятку» – 2:2. «ПСЖ», «Рэал», «Баварыя», «Тотэнхэм», «Манчэстэр Сіці» і «Ювентус» датэрмінова выйшлі ў 1/8 фіналу.

Менскае «Дынама» саступіла ў авертайме ўладзівастоцкаму «Адміралу» ў чэмпіянаце КХЛ

Менскае «Дынама» ў авертайме саступіла ўладзівастоцкаму «Адміралу» з лікам 2:3 у матчы хатняй серыі чэмпіянату КХЛ. У складзе зуброў закінутымі шайбамі адзначыліся Андрэй Касціцын і Шэйн Прынс. Зрэшты, утрымаць перавагу беларуская каманда не змагла. Другі перыяд прайшоў ужо пад дыктоўку гасцей, якія зраўнялі лік. Двойчы вызначыўся швед Маркус Юнг. Трэці перыяд прайшоў з невялікай перавагай «Дынама», аднак лік да фінальнай сірэны не змяніўся. Лёс сустрэчы вырашаўся ў дадатковы час. На жаль беларускіх аматараў хакея пераможную шайбу закінуў гулец «Адмірала» Юрый Пятроў.

Дынамаўцы Энрат і Грэцкі лідаруюць у галасаванні для ўдзелу ў матчы зорак КХЛ

Гульцы менскага «Дынама» Юнас Энрат і Вячаслаў Грэцкі лідаруюць у галасаванні заўзятараў, якое вызначае ўдзельнікаў будучага Матчу зорак КХЛ ад дывізіёна Тарасава. 22-гадовы Грэцкі – форвард чацвёртага звяна «Дынама». У цяперашнім рэгулярным чэмпіянаце нападнік прыняў удзел у васьмі матчах за асноўную каманду, 31-гадовы Энрат – асноўны брамнік «зуброў». Пасля таго, як заўзятары сфармуюць стартавыя чацвёркі, на другім этапе свой выбар зробяць прадстаўнікі СМІ. Затым спартовы дэпартамент КХЛ абярэ яшчэ чатырох гульцоў кожнай з каманд, уключна з брамнікам.

Беларускае Радыё Рацыя