Роберт Левандоўскі ўзгадніў кантракт з «Барселонай»



Нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі з вялікай доляй верагоднасці працягне кар’еру ў Іспаніі. 33-гадовы паляк узгадніў умовы трохгадовага кантракту з „Барселонай”, інфармуе Interia Sport. Паводле звестак крыніцы, прапанова «Барселоны» была найлепшай для Левандоўскага з усіх, якія гулец атрымаў у апошні час. Роберт таксама вёў перамовы з «Манчэстар Сіці», «Пары Сен-Жэрмэн» і «Ліверпулем». Раней стала вядома, што адносіны Левандоўскага з кіраўніцтвам „Баварыі” пагоршыліся з-за таго, што мюнхенскі клуб прапанаваў Роберту падоўжыць кантракт усяго на год. У гэтым сезоне польскі футбаліст прыняў удзел у 28 матчах нямецкай Бундэслігі, забіў 31 гол і аддаў адну выніковую перадачу.

Дзмітрый Бага афіцыйна стаў гульцом „Гомеля”

32-гадовы паўабаронца Дзмітрый Бага падпісаў кантракт з гомельскім клубам. Большую частку сваёй кар’еры Бага бараніў колеры барысаўскага БАТЭ, у складзе якога правёў 307 гульняў, забіў 31 мяч і аддаў 27 дзейсных перадач. Мінулы сезон футбаліст правёў у складзе латвійскай „Ліепаі”.

Дзмітрый Кузьмін закінуў шайбу і быў прызнаны другой зоркай матча ў OHL

„Флінт” абыграў „Сарнію” ў дамашнім матчы рэгулярнага чэмпіянату хакейнай юніёрскай лігі Антарыа — 4:2. Беларускі абаронца гаспадароў Дзмітрый Кузьмін закінуў шайбу. Праспект „Вініпега” выканаў тры кідкі, завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці „+4” і стаў другой зоркай сустрэчы. У гэтым сезоне Кузьмін набраў 40 (18+22) балаў у 54 матчах рэгуляркі пры каэфіцыенце карыснасці „+15”.

Арына Сабаленка паднялася на чацвёртае месца ў рэйтынгу ВТА

Беларуска Арына Сабаленка паднялася на чацвёртае месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Вікторыя Азаранка перамясцілася на 18 месца. Лідарства ў табліцы ўтрымлівае полька Іга Швентэк. У мужчынскім рэйтынгу найлепшы з беларусаў Ілля Івашка займае 44-е месца. Лідыруе ў табліцы серб Новак Джокавіч.

Беларускае Радыё Рацыя