Роджэр Федэрэр правёў апошні матч у кар’еры



41-гадовы Роджэр Федэрэр завяршыў кар’еру. Апошнім матчам для яго стала парная сустрэча Кубка Лэйвера, у якой яны з Рафаэлем Надалем прайгралі Джэку Соку і Фрэнсісу Тыяфу (6:4, 6:7, 9-11).

Фота: salamnews.tm

Да Кубка Лэйвера Федэрэр больш за год не выступаў з-за траўмы калена. Федэрэр – 20-разовы чэмпіён турніраў „Вялікага шлема”. З 2009-га па пачатак 2022-га ён быў рэкардсменам па гэтым паказчыку, але потым яго абышлі Надаль і Новак Джокавіч. Федэрэр самы тытулаваны чэмпіён «Уімблдона» (8 перамог) і US Open (5 перамог).

Дзярждэп ЗША заклікаў спартоўцаў неадкладна пакінуць Расею

Дзяржаўны дэпартамент ЗША заклікаў спартоўцаў, якія знаходзяцца ў Расеі, неадкладна пакінуць краіну. „Амерыканцы павінны неадкладна пакінуць Расею. Амбасада мае абмежаваныя магчымасці дапамагчы ім там”, – прыводзіць словы прадстаўніка Дзярждэпа крыніца. Прычынай гэтых выказванняў з’яўляецца напад Расеі на Украіну. Амерыканскі дзяржаўны дэпартамент баіцца пераследу сваіх грамадзян з боку расейскіх чыноўнікаў.

Ягор Шаранговіч закінуў дзве шайбы ў двухбакоўцы «Нью-Джэрсі»

„Нью-Джэрсі” працягвае падрыхтоўку да сезона НХЛ. Гульцы „Дэвілз” правялі двухбаковы матч, у якім каманда „B” перамагла каманду „A” з лікам 8:1. У складзе пераможцаў беларускі форвард Ягор Шаранговіч адзначыўся галявым дублем. Ён выходзіў на лёд у першым звяне з Ніка Хішырам і Есперам Братам. Першы перадсезонны матч „Нью-Джэрсі” правядзе 27 верасня супраць „Манрэаля”.

Беларуская тэнісістка Алена Фалей не змагла выйсці ў фінал турніру ў Егіпце

Беларуская тэнісістка Алена Фалей не здолела прабіцца ў фінал адзіночнага разраду турніру ў егіпецкім Шарм-эль-Шэйху. У паўфінальным паядынку беларуска, у якой 955-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, уступіла ў дзвюх партыях славацкай тэнісістцы Катарыне Кузмавай, якая займае 713-е месца, – 3:6, 5:7.

Беларускае Радыё Рацыя