„Рома”, „Ювентус”, „Манчэстэр Юнайтэд” і „Базель” выйшлі ў плэй-оф
Чарговымі ўдзельнікамі плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў сталі англійскі „Манчэстэр Юнайтэд”, швейцарскі „Базель”, а таксама два італьянскія клубы – „Рома” і „Ювентус”.
У 6-м туры лідары групы А футбалісты „МЮ” прымалі маскоўскі ЦСКА, які трэніруе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка. Каб прабіцца ў 1/8 фіналу чэмпіёнскай Лігі, армейцам трэба было перамагчы ў Манчэстэры і спадзявацца, што швейцарскі „Базель” не выйграе ў Лісабоне ў партугальскай „Бенфікі”. Ні таго, ні другога не адбылося – ЦСКА ўступіў 1:2, а „Базель” выйграў 2:0. У плэй-оф ЛЧ выйшлі „Манчэстэр Юнайтэд” і „Базель”, футбалісты ЦСКА прадоўжаць еўракубкавы сезон у 1/16 фіналу другога па рангу турніру – Лігі Еўропы. Падагульняючае становішча ў групе А: „Манчэстэр Юнайтэд” – 15 ачкоў (розніца мячоў – 12-3), „Базель” – 12 (11-5), ЦСКА – 9 (8-10), „Бенфіка” – 0 (1-14).
У квартэце С услед за лонданскім „Чэлсі” ў 1/8 фіналу прабілася „Рома”, якая ў апошнім туры адолела на сваім полі азербайджанскі „Карабах” – 1:0. Іспанскі „Атлетыка” гуляў у гасцях у „Чэлсі” і дабіўся нічыёй – 1:1. Падагульняючае становішча: „Рома” – 11 (9-6), „Чэлсі” – 11 (16-8), „Атлетыка” – 7 (5-4), „Карабах” – 2 (2-14).
Лідар групы D іспанская „Барселона” ў сябе дома перайграла партугальскі „Спортынг” 2:0, адправіўшы яго ў Лігу Еўропы. Разам з „Барсай” у плэй-оф ЛЧ выступіць турынскі „Ювентус”, які перамог грэчаскі „Алімпіякас” з такім жа рэзультатам – 2:0. Падагульняючае становішча: „Барселона” – 14 (9-1), „Ювентус” – 11 (7-5), „Спортынг” – 7 (8-9), „Алімпіякас” – 1 (4-13).
У групе В два лепшыя клубы вызначыліся датэрмінова – нямецкая „Баварыя” і французскі „Пары Сен-Жэрмен”. У апошнім туры ў Мюнхене перамаглі прадстаўнікі бундэслігі – 3:1, але першае месца засталося за парыжанамі. Шатландскі „Селтык” ў Глазга ўступіў бельгійскаму „Андэрлехту” 0:1, але заняў 3-е месца. Падагульняючае становішча: „Пары Сен-Жэрмен” – 15 (25-4), „Баварыя” – 15 (13-6), „Селтык” – 3 (5-18), „Андэрлехт” – 3 (2-17).
Такім чынам, цяпер вядомы 12 удзельнікаў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў: „Пары Сен-Жэрмен” (Францыя), „Баварыя” (Мюнхен, Германія), „Манчэстэр Сіці” (Англія), „Бешыкташ” (Стамбул, Турцыя), „Тотэнхэм” (Лондан, Англія), „Рэал” (Мадрыд, Іспанія), „Чэлсі” (Лондан, Англія), „Барселона” (Іспанія), „Манчэстэр Юнайтэд” (Англія), „Базель” (Швейцарыя), „Рома” (Італія), „Ювентус” (Італія).
Астатнія 4 каманды вызначацца пасля заключных паядынкаў яшчэ ў чатырох групах:
Е – „Ліверпуль” (Англія) – „Спартак” (Масква, Расія), „Марыбор” (Славенія) – „Севілья” (Іспанія). Турнірнае становішча пасля пяці гульнявых дзён: „Ліверпуль” – 9 (16-6), „Севілья” – 8 (11-11), „Спартак” – 6 (9-6), „Марыбор” – 2 (2-15).
F – „Шахцёр” (Данецк, Украіна) – „Манчэстэр Сіці”, „Феенаорд” (Ратэрдам, Нідэрланды) – „Напалі” (Італія). Турнірнае становішча: „Манчэстэр Сіці” – 15 (13-3), „Шахцёр” – 9 (7-8), „Напалі” – 6 (10-9), „Феенаорд” – 0 (3-13).
G – „Лейпцыг” (Германія) – „Бешыкташ”, „Порту” – „Манака”. Турнірнае становішча: „Бешыкташ” – 11 (9-4), „Порту” – 7 (10-8), „Лейпцыг” – 7 (9-9), „Манака” – 2 (4-11).
Н – „Рэал” – „Барусія” (Дортмунд, Германія), „Тотэнхэм” – АПОЭЛ (Нікасія, Кіпр). Турнірнае становішча: „Тотэнхэм” – 13 (12-4), „Рэал” – 10 (14-5), „Барусія” – 2 (5-10), АПОЭЛ – 2 (2-14).