Роварны маратон „Суседзі 2017”
15-га ліпеня ў беларускай частцы Аўгустоўскага каналу пройдзе міжнародны роварны маратон „Суседзі 2017”.
Гэтая падзея прыцягвае амаратаў роварных прыгодаў з усёй Беларусі. Таксама сёлета запланаваны прыезд рэкордна вялікай колькасці палякаў. Бязвізавы рэжым да пяці дзён у зону Аўгустоўскага каналу дае такую магчымасць.
Кажа каардынатар маратону Наста:
– Палякаў мы чакаем больш за сто чалавек. Магчыма гэтаму паспрыяў бязвізавы рэжым. Можа быць каманды павялічыліся з мінулага году. Чакаем і аднаго літоўца. Можа іх больш стане. Ёсць прадстаўнікі Расеі. Ёсць людзі, якія традыцыйна прыязджаюць на наш марафон ужо не першы год.
Каля ста валянцёраў з Гародні і Менску будуць аказваць дапамогу ў арганізацыі трох заездаў. Маратон – на 66 кіламетраў, паўмаратон – на 40 і міні-маратон на 7 кіламетраў. Мерапрыемства пройдзе з 9-00 да 17-30 гадзінаў 15-га ліпеня, у суботу. Базавы лагер будзе ля шлюза „Дамброўка”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя