РЦАП па гульнявых відах спорту не працягвае кантракт з Удрысам



Валейбаліст зборнай Беларусі Артур Удрыс атрымаў апавяшчэнне пра тое, што РЦАП па гульнявых відах спорту не працягвае з ім кантракт. Дамова са спартоўцам дзейнічае да 31 снежня 2020 года. Удрыс падпісаў ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Зараз Удрыс выступае за французскі «Тур». Па страчаных ачках «Тур» лідзіруе ў чэмпіянаце Францыі. Раней Удрыс адмовіўся гуляць за зборную Беларусі. Акрамя яго выступаць за зборную адмовіліся Вячаслаў Шмат, Андрэй Радзюк і Сяргей Антановіч. За апошні час у Беларусі былі звольненыя сябра зборнай Беларусі па грэка-рымскай барацьбе Мікіта Клімовіч. Таксама паступаюць пагрозы звальнення яшчэ аднаму сябру нацыянальнай каманды Мікалаю Стадубу. 31 снежня будзе звольнены старшы трэнер зборнай Беларусі па фехтаванні Аляксандр Нікалайчук. Трэнер РЦАП па лёгкай атлетыцы і трэнер Святланы Кудзеліч Ігар Жаваранак будзе звольнены. Усе з’яўляюцца падпісантамі ліста за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Дарка Бодул, Джуніор Кабананга і Арцём Салавей рассталіся з „Шахцёрам”

Некалькі гульцоў пакінулі салігорскі „Шахцёр”, – інфармуе старонка клуба Укантакце. Нападнік Дарка Бодул пакінуў каманду па заканчэнні кантракту. Форвард правёў у складзе „Шахцёра” 54 матчы, у якіх забіў 15 мячоў і зрабіў 12 галявых перадач. Пагадненне з Джуніорам Кабанангі таксама скончылася. Нападнік правёў за „Шахцёр” 5 матчаў. Тэрмін арэнды Дыега Сантаса падышоў да канца і атакуючы паўабаронца вярнуўся ў „Віцебск”. Скончыўся кантракт і ў Арцёма Салаўя, паўабаронца таксама пакінуў „Шахцёр”.

Рамэна Гражана выпісалі з лякарні

Пілот „Хааса” Рамэн Гражан быў паспяхова выпісаны з лякарні, дзе яму аказвалася дапамога пасля аварыі, у якую француз трапіў на Гран-пры Бахрэйна. Каманда „Хаас” выпусціла афіцыйную заяву, у якой адзначыла, што Гражан працягне аднаўляцца ад атрыманых траўмаў у прыватным парадку. Гражан прапусціць бліжэйшы Гран-пры Сахіра, дзе яго ў складзе „Хааса” заменіць П’етра Фіціпальдзі, але мае намер выступіць на фінальным этапе сезона ў Абу-Дабі. Таксама каманда „Хаас” абвясціла аб тым, што напарнікам расейскага гоначніка Мікіты Мазепіна ў наступным сезоне стане пілот Акадэміі „Ферары” Мік Шумахер. Амерыканскі калектыў падпісаў шматгадовае пагадненне з сынам Міхаэля Шумахера.

Паядынак Кубка Беларусі БАТЭ – „Дынама”-Берасце рассудзіць Аляксей Кульбакоў

5 снежня на матчы 1/8 фіналу Кубка Беларусі БАТЭ – „Дынама” (Берасце) будзе працаваць судзейская брыгада пад кіраўніцтвам Аляксея Кульбакова. Такім чынам, Кульбакоў абслужыць чацвёрты матч запар з удзелам „Дынама”. А 2 снежня брыгада Кульбакова адпрацуе на матчы Лігі чэмпіёнаў „Ферэнцвараш” – „Барселона”.

Крыніцы: менскае „Дынама” адчувае фінансавыя праблемы

Менскае „Дынама” мае праблемы з фінансаваннем. Сітуацыя не крытычная, але клубу трэба знайсці новыя крыніцы фінансавання, паведаміў телеграм-канал „Хакейны бульбаш”. Іншая крыніца, якая блізкая да федэрацыі хакея Беларусі – удакладніла наступнае: „Каб закрыць каляндарны год, беларускаму клубу не хапае прыкладна 10% сумы, з якой пачыналі сезон. Са студзеня ў „Дынама” фармуецца новы бюджэт”. У цяперашнім сезоне КХЛ менскае „Дынама” займае 4-е месца ў Заходняй канферэнцыі, у 31 матчы набраўшы 39 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта sport.tut.by