„Рух” не ўтрымаў перамогу над жодзінскімі тарпедаўцамі
Футбалісты берасцейскага „Руху” не змаглі ўтрымаць перамогу над жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” у гасцявым матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі. Берасцейцы двойчы вялі з перавагай у два мяча – 2:0 і 3:1, але тарпедаўцы здолелі выратаваць гульню, дамогшыся нічыі – 3:3. У іншым матчы футбалісты мазырскай „Славіі” разграмілі на выездзе „Мінск” 6:0. Па галявому дублю аформілі Глеб Жэрдзеў і Новак Курбанаў. Пасля гэтай перамогі мазыран футбалісты „Смаргоні” страцілі ўсе шанцы захаваць прапіску ў вышэйшай лізе.
Футбалісты „Зеніта” разграмілі „Спартак” у матчы чэмпіянату Расеі
Футбалісты „Зеніта” нанеслі самую буйную паразу маскоўскаму „Спартаку” за ўсю гісторыю чэмпіянату Расіі – 7:1. Гульня ў Санкт-Пецярбургу прайшла з вялізнай перавагай гаспадароў поля, якія ўжо ў першым тайме забілі чатыры галы. Пасля перапынку дзейныя чэмпіёны краіны забілі яшчэ тройчы, прапусціўшы ў свае толькі адзін мяч. Па два мячы ў гэтай сустрэчы забілі Сердар Азмун і Андрэй Маставы. Адзін з лідэраў „Зеніта” Арцём Дзюба, рэалізаваўшы пенальці, забіў свой 143-і гол у расійскім першынстве. Ён зраўняўся па колькасці забітых мячоў з рэкардсменам расійскай прэм’ер-лігі Алегам Вераценнікавым, які выступаў за валгаградскі „Ротар”.
„Рэал” перамог у „эль-класіка”
Мадрыдскі „Рэал” святкаваў перамогу над „Барселонай” ў выязным эль-класіка ў рамках 10-га тура чэмпіянату Іспаніі – 2:1. „Рэал” вярнуўся на першае месца ў „Прымеры”. Дубль Суарэса выратаваў „Атлетыка” ад паразы ў сустрэчы з „Рэалам Сасьедад” – 2:2. „ПСЖ” на выездзе згуляў унічыю з „Марсэлем” ў матчы 11-га тура чэмпіянату Францыі – 0:0. У парыжан без замен адыгралі зорныя нападнікі Ліянэль Месі, Неймар і Кіліан Мбапэ. „ПСЖ” працягвае лідыраваць у табліцы з 28 ачкамі, у „Марсэля” 18 балаў і чацвёртая пазіцыя. „Ювентус” сышоў ад паразы ў гульні з „Інтэрам” 1:1: Дзібала рэалізаваў пенальці ў канцоўцы матчу, пасля таго як на 17-й хвіліне Джэка вывеў Інтэр наперад. „Рома” згуляла ўнічыю з „Напалі” – 0:0. „Ліверпуль” разграміў „Манчэстар Юнайтэд” ў выязным матчы 9-га тура чэмпіянату Англіі – 5:0. Форвард мерсісайдцаў Махамед Салах аформіў хет-трык. Поль Пагба быў выдалены з поля на 60-й хвіліне гульні.
„Сталіца” абыграла „Дарожнік” у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” перамаглі „Дарожнік” з лікам 5:2 у матчы 6-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У першай палове мінскага дэрбі на пляцоўцы спарткомплексу „Дынама” супернікі абмяняліся галамі, а пасля перапынку перавага была на баку „сталічнікаў”, якія забілі яшчэ 4 мячы, прапусціўшы ў толькі адзін. У складзе пераможцаў галявы дубль аформіў Уладзімір Жыгалка. Пасля гэтага поспеху „Сталіца” паднялася на 2-е месца ў турнірнай табліцы.
„Гарызонт” разграміў баскетбалістак „Цмокi-Мiнск” у чэмпіянаце Беларусі
На жаночым чэмпіянаце Беларусі па баскетболе адбыліся матчы чарговага тура. У цэнтральным паядынку гульнявога дня дзейныя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Гарызонта” нечакана буйна перайгралі срэбранага прызёра мінулага першынства „Цмокi-Мiнск” з лікам 60:42. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Анастасія Верамеенка, у актыве якой 20 ачкоў. Для баскетбалістак „Гарызонта” гэта шостая перамога ў шасці праведзеных сустрэчах. Таксама гарадзенская „Алімпія” разграміла на выездзе баскетбалістак „Гомельскіх рысяў” – 105:45. „БДУ-Цмокi” перайгралі „Брэст” з лікам 80:57. У Гародні мясцовая „Вікторыя” была мацней за рэзервовы склад „Гарызонта” – 100:62.
Ягор Герасімаў перамог на старце турніру ў Санкт-Пецярбургу
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова правёў першы матч кваліфікацыйнага этапа турніру катэгорыі АТР-250 у расійскім Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам амаль 864 тысячы даляраў. У першым раўндзе беларус абыграў у двух сэтах прадстаўніка Босніі і Герцагавіны Даміра Джумхура – 6:1, 7:6. У вырашальным матчы за выхад у асноўную сетку супернікам Ягора Герасімава будзе малдаўскі тэнісіст Раду Албот.
Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры ЗША”
Пілот каманды „Рэд Бул” Макс Ферстапен выйграў „Гран-пры ЗША” у рамках „Формулы-1”. Другім стаў гоншчык „Мерседэса” Льюіс Хэмілтан, на трэцяй пазіцыі яшчэ адзін прадстаўнік „Рэд Була” Серхіа Перэс. Ферстапен застаецца лідэрам агульнага заліку. Хэмілтан займае другое месца.
Беларускае Радыё Рацыя