Румас адкрыў футбольны манеж у Берасці



Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, які займае таксама пасаду старшыні Беларускай федэрацыі футбола, 12 снежня ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця футбольнага манежа ў Берасці.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, узвядзенне аб’екта пачалося ў канцы 2017 года. З гарадскога бюджэту было выдзелена больш за 5,6 млн рублёў на падвядзенне камунікацый, будаўніцтва адміністрацыйна-бытавога будынка, падмурка пад паветраапорную мембрану манежа, выраб асновы пад футбольнае поле. Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” паставіла купал і штучнае пакрыццё коштам 1,8 млн рублёў.

„Беларуская федэрацыя футбола выступіла з ініцыятывай паскоранага будаўніцтва футбольных манежаў ва ўсіх абласных цэнтрах, якую падтрымаў кіраўнік дзяржавы. Летась мы адкрылі першы манеж ў Гародні, нядаўна — у Менску, сёння цырымонія адкрыцця ў Берасці. Гэты аб’ект з’яўляецца вынікам зладжанай працы Брэсцкіх абласнога і гарадскога выканкамаў і федэрацыі футбола”, — адзначыў Румас.

Ён лічыць, што ў футболе „шмат складнікаў поспеху”. „Адзін з іх крыецца ў развітой інфраструктуры. Хачу павіншаваць брастаўчан з гэтым выдатным падарункам да тысячагоддзя горада. Упэўнены, што юныя футбалісты будуць амаль кругласутачна выкарыстоўваць манеж для ўдасканалення сваіх навыкаў”, — сказаў Румас.

Новы спартыўны комплекс, у якім акрамя футбольнага поля прадугледжаныя трэнажорная зала, распранальні, медыцынскі і навучальна-метадычны кабінеты, аднаўленчы цэнтр і кафэ, перададзеныя на баланс Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе. Круглы год тут будуць займацца 680 вучняў пад кіраўніцтвам 18 настаўнікаў.

Першымі газон манежа апрабавалі ветэраны берасцейскага „Дынама” і зборнай федэрацыі футбола. У сімвалічным розыгрышы мяча ўзяў удзел Сяргей Румас.

belapan.by