Сяргей Румас прызначаны старшынём аргкамітэта ІІ Еўрапейскіх гульняў



Абноўлены склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі. Адпаведны ўказ 2 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

„Унесеныя карэкціроўкі звязаныя са зменамі ў складзе ўрада і кіраўніцтва рэспубліканскіх арганізацый”, — адзначаецца ў рэлізе.

Старшынём аргкамітэта прызначаны прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які паралельна ўзначальвае Беларускую федэрацыю футбола; яго намеснікамі — віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка і міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

Таксама ў склад камітэта замест ранейшых кіраўнікоў увайшлі міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Дзмітрый Варанюк.

БелаПАН

Фота sputnik.by