Румынскія арбітры рассудзяць матч футбалістаў Албаніі і Беларусі ў Лізе нацый
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прызначыў суддзяў на матчы заключнага туру групавога этапу Лігі нацый. Сустрэчу зборных Албаніі і Беларусі, якая адбудзецца 18 лістапада ў Тыране, будзе абслугоўваць брыгада арбітраў з Румыніі на чале з Раду Петрэску.
Гэта будзе заключны матч у 4-й групе лігі С. Каб заняць першае месца і падняцца ў лігу B, падначаленым Міхаіла Мархеля дастаткова згуляць унічыю, албанцам неабходна толькі перамагаць. Сустрэчу футбалістаў зборнай Францыі і каманды Швецыі 17 лістапада ў Парыжы будзе судзіць брыгада беларускіх арбітраў, якую ўзначаліць Аляксей Кульбакоў.
Брэнан Менэл – лепшы бамбардзір-абаронца КХЛ
Легіянер менскага „Дынама” Брэнан Менэл выйшаў у лідары спісу абаронцаў-бамбардзіраў КХЛ. У актыве амерыканца 18 (3 + 15) ачкоў у 17 сустрэчах пры паказчыку карыснасці „+10”. На другім месцы ідзе Крыс Уайдмэн з „Тарпеда” (17 (5 + 12)), тройку замыкае абаронца „Йокерыта” Міка Лехтанен (16 (8 + 8)).
Арына Сабаленка паднялася на дзесятае месца ў рэйтынгу WTA
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пасля паспяховага выступу на турніры ў аўстрыйскім Лінцы вярнулася ў першую дзясятку сусветнага рэйтынгу. Перад пачаткам турніру ў Аўстрыі Арына Сабаленка знаходзілася на 11-й пазіцыі, а пасля перамогі паднялася на адзін радок, набраўшы 4220 ачкоў. Вікторыя Азаранка засталася на 13-й пазіцыі, маючы ў сваім актыве 3426 балаў.
У мужчынскім рэйтынгу лепшы з беларускіх тэнісістаў Ягор Герасімаў знаходзіцца на 81-й пазіцыі, маючы 820 заліковых балаў, у Іллі Івашкі 601 ачко і 112-е месца. Лідыруе ў рэйтынгу серб Новак Джокавіч.
Эліна Зверава адзначае 60-гадовы юбілей
Алімпійская чэмпіёнка ў кіданні дыска Эліна Зверава 16 лістапада адзначае 60-годдзе. Эліна Зверава нарадзілася 16 лістапада 1960 году ў Туле. Беларуская кідальніца дыска, алімпійская чэмпіёнка і двухразовая чэмпіёнка свету, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (1995).
Удзельніца пяці летніх Алімпіяд (1988, 1996, 2000, 2004 і 2008). Алімпійскай чэмпіёнкай Сіднэя ў 2000 годзе Зверава стала ва ўзросце 39 гадоў, а на Алімпіядзе ў Пекіне ў 2008 годзе ва ўзросце 47 гадоў здолела заняць 6-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя