Рыа-2016. Ілля Чаргейка стаў шостым у стральбе



23-гадовы Ілля Чаргейка заняў шостае месца ў спаборніцтвах ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з 10 метраў.

Ён трапіў у фінал, куды прабіліся васьмёра наймацнейшых спартсменаў, але навязаць барацьбу за медалі, на жаль, не змог. У фінале беларус змог апярэдзіць толькі харвата Петэра Горсу і ўкраінца Алега Царкова. У Чаргейкі будзе яшчэ адзін шанец зачапіцца за медалі ў Рыа.

Пакуль што 6-е месца Іллі Чаргейкі – гэта найлепшы вынік беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Рыа.

Першае месца ў стральбе дасталося італьянцу Нікола Кампрыяні, другое – украінцу Сяргею Кулішу, трэцяе – расейцу Уладзіміру Масленнікаву.