Рыа-2016. Самсонаў у 1/4 згуляе з пятай ракеткай свету



Уладзімір Самсонаў выйшаў у васьмёрку наймацнейшых па настольным тэнісе на летніх Гульнях у Рыа, абыграўшы ў 1/8 фіналу брытанца Пола Дрынкхола з лікам 4:2 (11:9, 11:6, 11:8, 15:17, 7:11, 11:8) і згуляе з пятай ракеткай свету – Дзмітрыем Аўчаровым з Нямеччыны.

Спачатку матч супраць брытанца складаўся для вядучага беларускага тэнісіста ўдала. Ні ў адным з першых трох сэтаў Дрынкхолу не ўдалося перахапіць ініцыятыву. Аднак у чацвёртым брытанец навязаў барацьбу. Уладзімір Самсонаў у завяршэнні партыі меў сем матчболаў, але не здолеў іх рэалізаваць – 15:17. Толькі ў шостым сэце беларус змог дамагчыся неабходнага выніку.

Вельмі цяжкі дзень нарэшце скончыўся. Першы матч са шведам выйграў 4:2, вечарам зладзілі з Полам Дрынкхолам нешта неверагоднае. Выйграваць па сэтах 3:0, вёў у чацвёртым 10:5. Чым патлумачыць правал далей? Нават, нягледзячы на свой вопыт, не магу сказаць. Добра, што ў канцоўцы ужо зрабіў усё дакладна і сыграў без памылак„, – пракаментаваў матч Уладзімір Самсонаў.

Матч паміж беларускім і нямецкім гульцамі пройдзе 9 жніўня ў 22.00 па беларускім часе.