Рым: Вікторыя Азаранка выйграла ў Эліны Світолінай
На тэнісным турніры ў Рыме беларуска Вікторыя Азаранка ў драматычным змаганні перамагла 6-ю ракетку свету ўкраінку Эліну Світоліну –4:6, 6:1, 7:5.
Матч праходзіў у неспрыяльнае надвор’е, некалькі разоў перапыняўся з-за дажджу, але ўсё ж завяршыўся позна ўвечары ў аўторак. Першы сет быў досыць роўным, а крыху больш удачлівай была Світоліна. У другой партыі прыкметна лепш гуляла Азаранка, выйграўшы яе пераканаўча.
У трэцім вырашальным сеце беларуска, здавалася б, безнадзейна „гарэла” – 2:5 па геймах. Світоліна нават мела матч-бол, але Азаранка выявіла характар, здолела параўняць лік, а ўрэшце і вырваць перамогу. Лік асабістых сустрэч стаў 3-0 на карысць беларускі.
У наступным крузе прадстаўнічага рымскага турніру Азаранка сустрэнецца з пераможцай спабору Гарбіньё Мугуруса (Іспанія, 19-я ракетка свету) — Даніэль Колінз (ЗША, 30-я).
Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка няўдала выступіла на гэтым турніры, выбыўшы ўжо ў першым крузе. Беларускае Радыё Рацыя