Сабаленка 14-я ў рэйтынгу тэнісістак
У абноўленым рэйтынгу ВТА ў першай дзясятцы адбылося адно змяненне – на пяты радок паднялася румынка Сімона Халеп. Першай ракеткай свету па-ранейшаму застаецца аўстралійка Эшлі Барці.
З беларусак лепшай з’яўляецца Арына Сабаленка, якая размясцілася на 14 месцы. Вікторыя Азаранка, якая на мінулым тыдні не гуляла, апусцілася на 50-е месца. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 60-й пазіцыі, Вольга Гаварцова займае 201-е месца, Вера Лапко – 237-я.
Аляксандра Сасновіч прайграла на старце турніру ў Пекіне
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч няўдала стартавала на буйным турніры ў Пекіне. У паядынку 1/32 фіналу адзіночнага разраду беларуска сустракалася з шостай ракеткай свету канадскай тэнісісткай Бьянкай Андрэеску і прайграла з лікам 2:6, 6:2, 1:6. На старце парнага турніру Аляксандра Сасновіч і расейка Вераніка Кудзерметава згуляюць з расейска-чэшскім тандэмам Кацярына Аляксандрава / Кацярына Сінякова.
Супернікам футбалістак „Мінска” ў 1/8 фіналу жаночай Лігі чэмпіёнаў будзе „Барселона”
Іспанская „Барселона” будзе супернікам футбалістак „Мінска” ў 1/8 фіналу жаночай Лігі чэмпіёнаў. Гэта стала вядома пасля лёсавання, якое адбылося ў штаб-кватэры УЕФА. Першы паядынак чэмпіёнкі Беларусі правядуць 16 або 17 кастрычніка ў Барселоне, а сустрэча ў адказ пройдзе 30 ці 31 кастрычніка на полі ФК „Мінск”. Футбалісткі „Мінска” і „Барселоны” ўжо сустракаліся паміж сабой: ў 2016 годзе ў 1/16 фіналу ЛЧ іспанскі клуб двойчы выйграў – 2: 1 і 3: 0.
Мікалай Золатаў пяройдзе ў берасцейскае „Дынама”
Абаронца „Віцебска” і зборнай Беларусі Мікалай Золатаў працягне кар’еру ў берасцейскім „Дынама”. Па звестках pressball.by, асабісты кантракт з футбалістам ужо аформлены, аднак у сілу ён уступіць пасля заканчэння сезона, у зімовы трансферны перыяд. У „Віцебску” і „Дынама” гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.
Беларускі яхтсмен Арцём Джавадаў на ЧС у Італіі заваяваў алімпійскую ліцэнзію
Беларускі яхтсмен Арцём Джавадаў стаў уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі па выніках чэмпіянату свету па парусным спорце, які завяршыўся на возеры Гарда ў Італіі. Па выніках дзесяці стартаў Арцём Джавадаў заняў 21-е месца ў выніковым пратаколе, апярэдзіўшы ў спрэчцы за пропуск на Гульні-2020 больш за сто канкурэнтаў.
Андрэй Шаўчэнка можа стаць галоўным трэнерам „Мілана”
Італьянскі „Мілан” разглядае кандыдатуру Андрэя Шаўчэнкі на пасаду галоўнага трэнера каманды. Кіраўніцтва клуба задумваецца пра звальненне Марка Джампаола з-за нездавальняючых вынікаў „Мілана”. Рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час. У сапраўдны момант Андрэй Шаўчэнка ўзначальвае зборную Украіны, а „Мілан” пад кіраўніцтвам Джампаола прайграў 4 з 6 матчаў на старце сезона ў серыі „А”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by