Сабаленка і Азаранка прабіліся ў паўфінал парнага разраду US Open
Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мёртэнс выйшлі ў паўфінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Яны перамаглі кітайскіх тэнісістак Дуань Ін-ін і Чжэн Сайсай ў двух сэтах – 6:4, 6:3. Таксама ў паўфінал прабіліся Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці, якія ў 1/4 фіналу абыгралі вугорска-французскую пару Тымеа Бабош / Крысціна Младзенавіч 2:6, 7:5, 6:1. Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмава ў барацьбе за выхад у паўфінал сёння будуць супернічаць з канадкай Габрыэлай Даброўскі і кітаянкай Сюй Іфань.
Вядомы склад тэніснай зборнай на матч Кубка Дэвіса з партугальцамі
Капітан тэніснай зборнай Беларусі Ігар Ціхонка назваў склад каманды на матч Кубка Дэвіса з партугальцамі ў Менску. У заяўку ўключаны пяць тэнісістаў: 129-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ягор Герасімаў, 144-ы Ілля Івашка, 268-ы Уладзімір Ігнацік, 1949 Аляксандр Згіроўскі і 95-ы нумар парнага рэйтынгу Андрэй Васілеўскі. Матч першай групы Еўра-Афрыканскай зоны паміж зборнымі Беларусі і Партугаліі пройдзе 13-14 верасня ў менскім Палацы тэніса.
БГК імя Мяшкова з паразы стартаваў у новым сезоне SEHA-лігі
Хатні паядынак з адным з галоўных фаварытаў гэтага турніру вугорскім «Веспрэмам» чэмпіёны Беларусі пачалі добра, вялі ў ліку, але да перапынку супернікі выйшлі наперад – 16:14. У другім тайме гаспадары некалькі разоў даганялі гасцей, за 8 хвілін да канца нават выйшлі наперад – 25:24, але ў канцоўцы ўсё ж саступілі – 27:28. Свой наступны матч у папярэдняй групе В берасцейцы таксама правядуць на сваёй арэне – 17 верасня іх супернікам будзе дэбютант турніру маскоўскі «Спартак».
Беларускія футбалісткі разграмілі Фарэры
Футбалісткі зборнай Беларусі ўпэўнена перамаглі ў стартавым матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2021. Упершыню гуляючы на полі «Барысаў-Арэны», падначаленыя Юрыя Малеева разграмілі каманду Фарэрскіх выспаў з лікам 6:0. На 6-й хвіліне гульні першы мяч забіла Карына Альховік, у сярэдзіне першага тайма Анастасія-Гражына Шчарбачэня падвоіла перавагу беларусак. У другім тайме яны ж забілі яшчэ па голу, а затым галявы дубль аформіла і Анастасія Харланава. Сёлета беларускі правядуць яшчэ два хатнія матчы – 4 кастрычніка супраць нарвежак і 8 кастрычніка з камандай Уэльса. Астатнія паядынкі адборачнага цыклу зборная Беларусі згуляе ў наступным годзе з Паўночнай Ірландыяй, Уэльсам, Нарвегіяй і зноў Фарэрамі.
«Дынама» згуляе з «Ягелоніяй» у Берасці дабрачынны матч
Таварыскі матч паміж футбольнымі клубамі «Дынама-Брэст» і беластоцкай «Ягелоніяй» стане развітальным для Рамана Васілюка, які ўжо завяршыў кар’еру. Кіраўніцтвам клуба прынята рашэнне зрабіць гэтую сустрэчу дабрачыннай. Усе сродкі ад продажу квіткоў будуць пералічаныя Мікіту Палуянаву, паведамляе афіцыйны сайт клуба. 9 траўня Мікіта трапіў у бяду, пасля чаго пазбавіўся часткі левай нагі. Цяжкая траўма не зламала баявы дух маленькага футбаліста. Як і раней, ён працягвае гуляць і радавацца перамогам сваёй каманды. Развітальны матч Рамана Васілюка пройдзе 7 верасня ў Берасці і пачнецца ў 17.30. Купіць квіток і тым самым падтрымаць маленькага футбаліста, можна он-лайн на сайце kvitki.by. Кошт на любое месца – 3 рублі.
Памёр вядомы нарвежскі біятланіст Халвард Ханеволд
Трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну было 49 гадоў. Прычына смерці не называецца. У Ханеволда засталіся жонка і двое дзяцей. 3 снежня яму споўнілася б 50. Халвард Ханеволд выйграваў золата на Алімпіядах 1998, 2002 і 2010 гадоў. У яго былі таксама 2 срэбра і 1 бронза.
Беларускае Радыё Рацыя