Сабаленка і Мертэнс выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду Australian Open
Беларуска Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмава не прайшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе.
У матчы 1/8 фіналу беларуска-славацкі тандэм саступіў у дзвюх партыях венгерска-французскай пары Тымеа Бабаш / Крысціна Младзенавіч – 6:7 (4:7), 3:6. Раней у чвэрцьфінал Australian Open прабіліся беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізе Мертэнс, якія перамаглі расейку Вераніку Кударметаву і амерыканку Элісан Рыске – 5:7, 6:3, 6:2. У матчы 1/4 фіналу суперніцамі беларуска-бельгійскага дуэта будуць тэнісісткі з кітайскага Тайбэя сёстры Чжань Юнжань і Чжань Хаачын.
Вінгер «Нёмана» Алыкулаў пакінуў клуб і падпісаў кантракт з «Кайратам»
Кыргызскі вінгер Гулжыгіт Алыкулаў пакідае ФК «Нёман». Новым месцам працы для паўабаронцы стаў футбольны клуб «Кайрат» з Алматы. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт «Нёмана». Усяго ў складзе жоўта-зялёных паўабаронца правёў у сезоне 2019 года 23 матчы, у якіх запісаў на свой рахунак па сістэме «гол плюс пас» 7 балаў (4+3).
Беларускія шаблісты выйгралі дзве ўзнагароды на этапе Кубка Еўропы сярод моладзі ў Будапешце
Беларускія шаблісты выйгралі сярэбраную і бронзавую ўзнагароды на этапе Кубка Еўропы сярод моладзі, які завяршыўся ў Будапешце. Срэбра ў стартах жанчын выйграла Паліна Каспяровіч. Спартоўка з Менскай вобласці чатыры разы перамагла на шляху да фіналу. А ў паядынку за золата беларуска саступіла прадстаўніцы Венгрыі Кацінке Батаі Шугар – 7:15. У мужчын бронзавы медаль заваяваў Сяргей Кісель, які прайграў у паўфінале з лікам 13:15 вугорцу Тамашу Урбану.
Лепшым у складзе зборнай Беларусі ў індывідуальнай гонцы стаў Ілля Аўсеенка, які заняў 18-е месца
У швейцарскім Ленцэрхайдзе стартаваў юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне. У індывідуальнай гонцы на 15 км лепшым у складзе зборнай Беларусі стаў Ілля Аўсеенка, які з двума промахамі заняў 18-е месца. Уладальнікам залатога медаля стаў немец Макс Бархевіц.
«Далас» выведзе з абарачэння 24-ы нумар у памяць аб Кобі Брайант
«Далас» выведзе з абарачэння 24-ы нумар, пад якім другую палову кар’еры правёў Кобі Брайант. Пра гэта распавёў уладальнік клуба Марк Кьюбан. «Наш клуб прыняў рашэнне, што ніхто больш не будзе выступаць пад 24-м нумарам», – адзначыў ён у інтэрвʼю The Athletic. Брайант і яго 13-гадовая дачка Джана загінулі ў выніку крушэння верталёта ў Каліфорніі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА