Сабаленка і Мёртэнс прабіліся ў фінал Australian Open



Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізе Мёртэнс выйшлі ў фінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе.

Яны перайгралі ў двух сэтах амерыкана-нідэрландскі тандэм Ніколь Мелічар/Демі Схюрс – 7:5, 6:4. У вырашальным матчы суперніцамі Арыны Сабаленкі і Элізе Мёртэнс будзе чэшская пара Барбара Крэйчыкава / Кацярына Сінякова. Для беларускі і бельгійкі гэта будзе другі фінал парнага разраду турніраў серыі „Вялікага шлема” – у 2019 годзе яны выйгралі адкрыты чэмпіянат ЗША.

Вера Лапко і Аляксандра Сасновіч прайгралі ў чвэрцьфінале парнага разраду турніру ВТА 250 у аўстралійскім Мельбурне. Ва ўпартай барацьбе Беларускі капітулявалі перад расейкай Камілай Рахімавай і індыянкай Анкітай Райн – 4:6, 6:7 (2:7).

Гол Іллі Шкурына выратаваў ЦСКА ад паразы ў спарынгу з „Картахене”

Маскоўскі ЦСКА, якім кіруе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, згуляў унічыю з іспанскім „Картахене” ў таварыскім матчы – 1:1. Адзіны гол армейцаў на рахунку беларускага форварда Іллі Шкурына.

Сяргей Кавальчук падпісаў новы двухгадовы кантракт з берасцейскім „Дынама”

Галоўны трэнер Сяргей Кавальчук падпісаў новы двухгадовы кантракт з берасцейскім „Дынама”. Акрамя Кавальчука, кантракты падпісаныя старэйшым трэнерам Андрэем Пракапюком, трэнерам Дзмітрыем Мазалеўскім, трэнерам па варатарах Уладзімірам Селькіным і начальнікам каманды Юрыем Саўчанкам.

Таксама „Дынама” абвясціла аб падпісанні кантракту з 18-гадовым нігерыйскім нападнікам Мухтарам Санусі. Кантракт разлічаны на тры гады.

Ягор Шаранговіч закінуў пераможную шайбу

Беларускі нападнік  Ягор Шаранговіч закінуў пераможную шайбу ў складзе „Нью-Джэрсі”, які вярнуўся на лёд пасля 15-дзённага каранціну ў НХЛ. Дзякуючы тром галам у трэцім перыядзе, „д’яблы” адолелі „Рэйнджэрс” і падняліся на шостае месца Усходняга дывізіёна. Цяпер у „Нью-Джэрсі” 12 ачкоў пасля 10 праведзеных гульняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц