Сабаленка і Мёртэнс прайгралі на старце турніру ў Шэньчжэні
Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Эліс Мёртэнс пацярпелі паразу ў першым матчы парнага разраду на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), які праходзіць у кітайскім Шэньчжэні.
У матчы першага тура беларуска-бельгійскі дуэт сустракаўся з нідэрландска-нямецкім тандэмам Дэмі Схюрс / Ганна-Лена Грэнефельд і саступіў – 5:7, 6:1, 7:10.
31 футбаліст трапіў у пашыраны склад зборнай Мархеля
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель назваў пашыраны спіс кандыдатаў на лістападаўскія матчы з камандамі Нямеччыны і Чарнагорыі. У папярэдні спіс уключаны 31 футбаліст. У тым ліку шмат прадстаўнікоў берасцейскага «Дынама». Гэта брамнікі Аляксандр Гутар і Павел Паўлючэнка, абаронцы Алег Вераціла і Аляксандр Паўлавец, паўабаронцы Сяргей Кісляк, Павел Няхайчык і Павел Савіцкі і нападнік Дзяніс Лапцеў. Канчатковы спіс з 23 футбалістаў вызначыцца да 11 лістапада, калі каманда збярэцца ў Менску ў тэхнічным цэнтры асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. 16 лістапада ў Мёнхенгладбахсе беларусы правядуць заключны адборавы матч Еўра-2020 з камандай Нямеччыны. Пасля яны перамесцяцца ў Падгорыцу, дзе 19 лістапада правядуць таварыскі матч са зборнай Чарнагорыі.
Шкурыным цікавяцца маскоўскі „Спартак” і менскае „Дынама”
Нападнік „Энергетыка”-БДУ Ілля Шкурын трапіў у сферу інтарэсаў менскага „Дынама” і маскоўскага „Спартака”. Па звестках Pressball.by, клуб са сталіцы Беларусі вядзе перамовы з нагоды трансферу форварда. Пры гэтым, да 20-гадовага футбаліста праяўляе цікавасць і маскоўскі „Спартак”. Шкурын у чэмпіянаце Беларусі правёў 23 матчы, забіў 17 галоў і аддаў 3 перадачы. На рахунку Іллі покер у паядынку з „Мінскам” і хет-трык у гульні з менскім „Дынама”. Нападнік лідзіруе ў спісе бамбардзіраў нацыянальнага першынства.
Беларускі форвард Яўген Дадонаў перайшоў з салігорскага „Шахцёра” ў менскае „Дынама”
Нападнік падпіша з „зубрамі” двухбаковы кантракт да канца сезона, адзначае hcdinamo.by. У складзе „гарнякоў” Дадонаў правёў пяць сезонаў. У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі ён правёў 19 матчаў, у якіх адзначыўся 16 (9 + 7) выніковымі баламі і паказчыкам карыснасці „+8”. У складзе менскага „Дынама” Дадонаў раней знаходзіўся на праглядзе. У трох матчах КХЛ ён ачкоў не набраў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Jimmie48 tennis photography