Сабаленка і Мёртэнс выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду Australian Open



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка і бельгійка Эліз Мёртэнс выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У матчы 1/8 фіналу беларуска і бельгійка перамаглі нямецка-расейскі тандэм Лаўра Зігемунд / Вера Званарова – 6:3, 6:7 (5:7), 6:2. У гульні за выхад у паўфінал Арына Сабаленка і Эліз Мёртэнс будуць супернічаць з японскай парай Ена Шыбахара / Сюко Аояма.

У адзіночным разрадзе сёмая ракетка свету Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю, саступіўшы амерыканцы Серэне Уільямс, якая займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Жаклен выйграў гонку пераследу на ЧС па біятлоне ў Славеніі

Французскі біятланіст Эмільен Жаклен выйграў гонку пераследу на чэмпіянаце свету ў славенскай Паклюцы. Пераможца, які стартаваў пад трэцім нумарам, не дапусціў промахаў на агнявых рубяжах і фінішаваў, паказаўшы час 31 хвіліна 22,1 секунды. Шведскі страляючы лыжнік Себасцьян Самуэльсан фінішаваў другім. Ён таксама быў дакладны на стрэльбішчы, аднак адстаў ад француза на 7,3 секунды. Замкнуў тройку наймацнейшых нарвежац Ёханэс Бё. Нягледзячы на два промахі, ад адстаў ад пераможцы на 8,3 секунды.

Што тычыцца беларускіх біятланістаў, то лепшы з іх Антон Смольскі фінішаваў 34-м.

У спаборніцтвах жанчын перамагла нарвежка Тырыль Экхаф. Дыстанцыю ў 10 км з чатырма агнявымі рубяжамі скандынаўка, якая дапусціла два промахі, пераадолела за 30 хвілін 38,1 секунды. Срэбраны медаль заваявала аўстрыйская спартоўка Ліза Тэрэза Хаўзэр. Яна пакінула не закрытай адну мішэнь, саступіўшы пераможцы 17,3 секунды. Бронза дасталася францужанцы Анаіс Шэвалье-Бушу. Што тычыцца беларусак, то Дынара Алімбекава стала 21-й (у яе было 2 промахі пры стральбе і адставанне 2 хв іліны 43,1 секунды.

„Цмокi” і „Гарызонт” перамаглі ў матчах жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе

Фаварыты жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе дамагліся буйных перамог у гульнях 17-га тура. Дзейсныя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” разграмілі на сваёй пляцоўцы рэзервовы склад сталічнага „Гарызонта” з розніцай у 58 ачкоў – 97:39. Галоўная каманда „Гарызонта” упэўнена перайграла ў Менску гарадзенскую „Алімпію” – 76:49. Гарадзенская „Вікторыя” у сябе дома была мацней за „Гомельскіх рысяў” – 96:47, а ў Берасці мясцовы клуб „ЦАР-Вікторыя” саступіў менскай камандзе „БДУ-Цмокi” — 57:70. У мужчын наперадзе „Гродна-93” і „Цмокi-Мiнск”, якія набралі па 37 ачкоў у 19 праведзеных гульнях. Магілёўскі „Барысфен” і сталічны „Імпульс-БДУІР” маюць па 34 балы.

Канькабежка Марына Зуева заняла 8-е месца на ЧС у Херэнвене

Беларуска Марына Зуева заняла восьмае месца на чэмпіянаце свету па канькабежным спорце на асобных дыстанцыях, які завяршыўся ў нідэрландскім Херэнвене. Менчанка фінішавала ў забегу на 5000 м з часам 7 хвілін 5,954 секунды. Званне чэмпіёнкі свету ў дадзенай дысцыпліне выйграла нідэрландская канькабежка Ірэн Схаутэн, якая ўсталявала асабісты рэкорд – 6 хвілін 48,573 секунды.

БАТЭ без Драгуна разышоўся мірам з „Уфой” у спарынгу

У другім кантрольным матчы дня ў рамках збору ў Турцыі БАТЭ згуляў унічыю з расейскай „Уфой” 1:1. У складзе барысаўчан гол з перадачы Паўла Няхайчыка забіў Антон Сарока. У складзе „жоўта-сініх” не было капітана Станіслава Драгуна, а таксама Вілюма Вілюмсана, Неманьі Міліча і Максіма Скавыша – усе чацвёра трэніруюцца па індывідуальным плане. Гарадзенскі „Нёман” у таварыскім матчы згуляў унічыю з „Віцебскам” – 2:2. У складзе гарадзенцаў адзначыліся Міхаіл Яблонскі і Раман Грыбоўскі, які забіў пенальці. Сустрэча прайшла ў сталічным манежы Беларускай федэрацыі футбола.

„Інтэр” упэўнена перамог „Лацыё” і ўзначаліў табліцу

„Інтэр” на хатняй арэне нанёс паразу „Лацыё” у матчы 22-га тура чэмпіянату Італіі – 3:1. Дублем адзначыўся форвард Рамэлу Лукаку. „Інтэр” лідыруе ў турнірнай табліцы, апярэджваючы „Мілан” на адзін бал. У „Лацыё” 40 ачкоў і сёмая пазіцыя.

„Арсенал” абыграў „Лідс” у матчы 24-га тура чэмпіянату Англіі – 4:2. Хет-трыкам адзначыўся форвард П’ер-Эмерык Абамеянг. „Арсенал” з 34 ачкамі ідзе 10-м у табліцы, у „Лідса” 32 балы і 11-я пазіцыя. „Манчэстар Юнайтэд” на выездзе згуляў унічыю з „Вэст Бромвічам” 1:1 і з 46 ачкамі ідзе другім у табліцы, апярэджваючы „Лестэр” па дадатковых паказчыках.

У чарговым матчы чэмпіянату Іспаніі мадрыдскі „Рэал” перамог „Валенсію” 2:0 дзякуючы галам Карыма Бензема і Тоні Кроса. „Рэал” выйшаў на другое месца ў турнірнай табліцы.

Беларускае Радыё Рацыя