Сабаленка перамагла на тэнісным турніры Belarus Insurance Cup



У менскім Палацы тэніса завяршыўся турнір Belarus Insurance Cup.

У вырашальным паядынку жаночых спаборніцтваў 11-я ракетка планеты Арына Сабаленка абыграла Аляксандру Сасновіч, якая займае 119-е месца ў сусветным рэйтынгу – 4:1, 0:4, 4:3. На папярэднім этапе Арына Сабаленка перамагла Крысціну Дзмітрук, Эвеліну Ласкевіч і Юлію Гатоўку. У другой групе Аляксандра Сасновіч выйграла ў Ганны Кубаравай, Алены Фалей і Шалімар Тальбі. Пераможцам мужчынскага турніру стаў Іван Лютарэвіч, які адолеў ў фінале капітана зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса Дзмітрыя Жырмонта – 3:4, 4:0, 4:3.

Турнір праходзіў з захаваннем максімальных мер бяспекі: матчы адбыліся ў скарочаным фармаце і без гледачоў, усе спартоўцы праходзілі пільны медыцынскі агляд, на корце прысутнічаў толькі адзін суддзя і не было звыклых поціскаў рукі ў канцы сустрэчы.

Зборы беларускіх біятланістаў праходзяць у „Раўбічах”

Зборы беларускіх біятланістаў праходзяць у „Раўбічах”, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі біятлона.

Для адаптацыі спартоўцаў да нагрузкі трэнерскім штабам было вырашана зрабіць два першыя зборы скарочанымі – па 14 дзён.

На зборы сярод беларускіх хлопцаў выкліканыя Антон Смольскі, Раман Елетнаў, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лабастаў, Віктар Крыўко і Ягор Казарын. У жаночай камандзе да збораў прыцягнутыя Ірына Крыўко, Дынара Алімбекова, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны, Адэліна Сабітава і Аліна Пільчук. Акрамя нацыянальнай каманды ў „Раўбічах” пачала падрыхтоўку і юніёрская сборная.

Віталь Севасцьянік абслужыць матч „Гомель” – „Арсенал” пасля пропуску тура вышэйшай лігі

Галоўным арбітрам паядынку чэмпіяната Беларусі па футболе паміж „Гомелем” і „Арсеналам” прызначаны Віталь Севасцьянік. Асіставаць яму будуць Сяргей Гідрэвіч і Сяргей Фірыновіч, інспектар – Аркадзь Абялеўскі (усе – з Гародні).  Севасцьянік абслугоўваў гульню 6-га тура чэмпіянату Беларусі „Дынама” Берасце — „Шахцёр”,  пасля чаго не атрымаў прызначэнне ні на адзін з матчаў 7-га тура. Матч „Гомель” – „Арсенал” пачнецца 10 траўня ў 17.00 на „Цэнтральным”.

Аднаўленне Бундэслігі стане сімвалам вяртання вялікага футбола — заявіў кіраўнік УЕФА

Прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Александэр Чэферын лічыць, што аднаўленне чэмпіянату Нямеччыны дадасць людзям аптымізму. Чэмпіянат Нямеччыны прыпынілі 13 сакавіка на нявызначаны тэрмін. Напярэдадні кіраўнік нямецкай футбольнай лігі (DFL) Крысціян Зайферт паведаміў, што чэмпіянат краіны будзе адноўлены 16 траўня. Усе гульні будуць праходзіць без гледачоў.

„Гэта выдатная навіна, што нямецкія ўлады пагадзіліся на аднаўленне Бундэслігі. Падобнае рашэнне – вынік канструктыўнага дыялогу паміж футбольнымі ўладамі і палітыкамі. Упэўнены, што Нямеччына стане яркім прыкладам для ўсіх нас у тым, што тычыцца вяртання футбола ў наша жыццё з яго азартам, эмоцыямі і непрадказальнасцю”, – заявіў Александэр Чэферын.

Холіфілд зноў будзе біцца на рынгу

Абсалютны чэмпіён свету па боксе 57-гадовы Эвандэр Холіфілд заявіў пра намер вярнуцца на рынг. У канцы красавіка 53-гадовы Майк Тайсан паведаміў, што плануе правесці некалькі выставачных баёў, сродкі ад якіх пойдуць на дабрачыннасць. Холіфілд і Тайсан сустракаліся двойчы і абодва разы перамагаў Холіфілд. «Чэмпіён вярнуўся! Я хацеў бы аб’явіць, што вяртаюся на рынг. Буду змагацца за вялікую справу ў выставачных баях», – сказаў Холіфілд. Пра тое, ці сустрэнуцца зноў Холіфілд і Тайсан, не паведамляецца. Холіфілд з’яўляецца адзіным у гісторыі суперцяжкавагавіком, на рахунку якога ёсць чэмпіёнскія паясы ўсіх прэстыжных версій – Сусветнага баксёрскага савета (WBC), Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA), Міжнароднай баксёрскай федэрацыі (IBF) і Сусветнай баксёрскай федэрацыі (WBF).

Усяго за кар’еру Холіфілд правёў 57 баёў, у 44 перамог і 10 праграў. Яшчэ два паядынкі завяршыліся ўнічыю, а адзін прызналі несапраўдным.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя