Сабаленка прайграла Се Шувэй
Дзясятая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка прайграла ў стартавым матчы на турніры ў брытанскім Бірмінгеме. Яна сустракалася з прадстаўніцай кітайскага Тайбэя Се Шувэй, якая займае 28-е месца ў сусветным рэйтынгу, і саступіла – 3:6, 6:2, 6:7. Паядынак працягваўся амаль 2 гадзіны. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч сёння ў 1/16 фіналу згуляе з амерыканкай Вінус Уільямс. Таксама сёння дзве беларускі стартуюць на турніры Mallorca Open у Іспаніі. Вікторыя Азаранка ў першым раўндзе адзіночнага разраду сустрэнецца з французскай тэнісісткай Каралін Гарсіяй. У парным разрадзе Лідзія Марозава і аўстралійка Сторм Сандэрс будуць супернічаць з аўстралійска-грузінскім тандэмам Монік Адамчак / Аксана Калашнікава.
Беларускія клубы даведаюцца пра супернікаў у еўракубках
Сёння ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне пройдзе лёсаванне 1-га кваліфікацыйнага раўнда новага сезона Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Нязменны чэмпіён Беларусі апошніх гадоў барысаўскі БАТЭ на першым этапе трапіў у лік сеяных каманд. Яго супернікам стане адзін з нясеяных клубаў: польскі „Пяст”, ісландскі „Валюр”, паўночнаірландскі „Лінфілд”, латвійская „Рыга”, фарэрскі „Торсхавн” і пераможца папярэдняга раўнду. Стартавыя паядынкі 1-га раўнда кваліфікацыі чэмпіёнскай Лігі адбудуцца 9 і 10 ліпеня, гульні ў адказ – 16-17 ліпеня. Услед за лёсаваннем галоўнага кантынентальнага турніру ў Ньёне вызначацца пары кваліфікацыі другога па рангу турніру – Лігі Еўропы. У ім выступяць тры прадстаўнікі Беларусі: салігорскі „Шахцёр”, менскае „Дынама” і „Віцебск”. Матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнда пройдуць 11 і 18 ліпеня.
Чылійцы разграмілі японцаў на Кубку Амерыкі
Футбалісты зборнай Чылі з лікам 4: 0 перамаглі каманду Японіі ў матчы Кубка Амерыкі, які праходзіць у Бразіліі. Сустрэча адбылася ў Сан-Паўлу на стадыёне «Марумбі». Дублем у складзе пераможцаў адзначыўся Эдуарда Варгас. Таксама мячы забілі Эрык Пульгар і Алексіс Санчэс. Наступную сустрэчу зборная Чылі правядзе ў ноч на 22 чэрвеня супраць каманды Эквадора. Зборная Японіі днём раней згуляе з камандай Уругвая. Чылійскія футбалісты цяпер дзеляць першы радок у групе з уругвайцамі.
Лунін можа стаць другім брамнікам «Рэала»
Украінскі брамнік Андрэй Лунін, які сенсацыйна стаў на днях чэмпіёнам свету для гульцоў да 20 гадоў і прызнаны лепшым галкіперам турніру, які праходзіў у Польшчы, прэтэндуе на ролю другога нумара ў мадрыдскім”Рэале”. Мінулы сезон Лунін правёў у арэндзе, выступаючы за „Леганес”.
Асноўным брамнікам «сметанковых» лічыцца бельгіец Цібо Куртуа. Яго зменшчыкам у мінулым чэмпіянаце былі Кейлор Навас і Люка Зідан, але яны, хутчэй за ўсё, пакінуць каманду.
Беларускае Радыё Рацыя