Сабаленка прайграла ў 1/4 фіналу турніру ў Сан-Дыега
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-500 у амерыканскім Сан-Дыега з прызавым фондам 757 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале пятая ракетка планеты прайграла ў трохсэтавым паядынку харвацкай тэнісістцы Доне Векіч, якая займае 77-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 4:6, 7:6 (7:5), 1:6. Матч працягваўся 2 гадзіны 32 хвіліны.
„Шахцёр” выйшаў ў лідары чэмпіянату Беларусі
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі. Дзейныя чэмпіёны краіны ўпэўнена перамаглі на выездзе футбалістаў „Віцебска” з лікам 5:0. У першым тайме абаронца гаспадароў Мікіта Баранок адправіў мяч у сваю браму, а потым Максім Скавыш падвоіў перавагу гасцей. У другой палове сустрэчы галявы дубль аформіў Дзмітрый Падстрэлаў, а апошнюю кропку паставіў Ягор Карпіцкі. Яшчэ адзін прэтэндэнт на першае месца мінскае „Дынама” на полі сталічнага стадыёна „Трактар” двойчы выйграваў у жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, але не ўтрымаў вікторыю – нічыя 2:2.
Дынамаўцаў дагнаў сталічны „Энергетык-БДУ”, які абыграў у Мазыры мясцовую „Славію” з мінімальнай перавагай у ліку – 1:0. У канцы першага тайма пераможны мяч забіў лепшы бамбардзір цяперашняга першынства Бабір Абдзіхолікаў, у актыве якога зараз 21 гол.
Яшчэ ў адным матчы дзяржынскі „Арсенал” у Гарадзеі згуляў унічыю з „Менскам” – 0:0.
Астатнія гульні 25-га тура адбудуцца сёння: бабруская „Белшына” прымае гарадзенскі „Нёман”, магілёўскі „Днепр” згуляе з „Іслаччу”, „Гомель” пазмагаецца са „Слуцкам”, а БАТЭ – з берасцейскім „Дынама”.
„Карона” Шыкаўкі саступіла „Сталі”
Футбалісты „Кароны” з Кельце прайгралі мелецкай „Сталі” ў хатнім матчы 13-га тура чэмпіянату Польшчы. Госці завяршалі матч у дзесяцёх пасля выдалення аўтара першага гола ў матчы Матэвуша Матраса на 87-й хвіліне. Яшчэ адзін мяч забіў Саід Гамуліч. Беларус Яўген Шыкаўка выйшаў у стартавым складзе „Кароны” і быў заменены на 59-й хвіліне, паспеўшы да гэтага атрымаць жоўтую картку.
„Сталь” займае ў турнірнай табліцы чэмпіянату Польшчы чацвёртае месца з 22 ачкамі пасля 13 матчаў. У „Кароны” — 15-я пазіцыя з 12-ю ачкамі. Лідыруе „Ракаў” з Чэнстаховы — 26 ачкоў у 12-ці гульнях.
Кантэ прапусціць чэмпіянат свету з-за рэцыдыву траўмы сцягна
Паўабаронца лонданскага „Чэлсі” Нгола Кантэ выбыў на тры месяцы з-за рэцыдыву траўмы сцягна. Такім чынам француз прапусціць чэмпіянат свету ў Катары, паведамляе выданне L’Équipe. Чэмпіянат свету па футболе 2022 года пройдзе ў Катары з 20 лістапада па 18 снежня. У бягучым сезоне Кантэ ўсяго двойчы выходзіў на поле ў матчах чэмпіянату Англіі. Вымушаны перапынак у выступах 31-гадовага гульца доўжыцца з 14 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя