Сабаленка прайграла ў паўфінале Уімблдона
Арына Сабаленка прайграла ў паўфінале Уімблдона, што скасоўвае яе шанцы стаць першай ракеткай свету. Туніская тэнісістка Онс Джабір перамагла Арыну Сабаленку з лікам 6:7, 6:4, 6:3. Гульня доўжылася 2 гадзіны 19 хвілін. Другой фіналісткай стала Маркета Вандраўшава з Чэхіі, якая выйграла ва ўкраінкі Эліны Світолінай — 3:6, 3:6.
„Нёман” у Лізе канферэнцый выйграў у „Вадуца”
У першым матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый футбалісты гарадзенскага „Нёмана” выйгралі ў „Вадуца” з Ліхтэнштэйна — 2:1. Мячы ў гарадзенцаў забілі Ягор Зубовіч і Алімардон Шукураў. А вось менскае „Дынама” згуляла з баснійскім „Жалезнічарам” унічыю — 2:2. Бела-блакітныя вялі з лікам 2:0 (галы забілі Іван Бахар і Уладзіслаў Марозаў), але ў апошнія 6 хвілінаў сустрэчы прапусцілі два мячы. Сустрэчы ў адказ пройдуць 20 ліпеня.
Станіслаў Драгун патлумачыў, чаму дагэтуль не з’ехаў з Беларусі
Былы паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун, які сёлета ў 35 гадоў аб’явіў пра заканчэнне прафесійнай кар’еры гульца, правёў прэс-канферэнцыю ў Доме футбола ў Мінску.
„Нікуды не з’ехаў, хоць і прапаноўвалі добрыя грошы. Хачу прыносіць карысць Беларусі, працуючы менавіта ў сваёй краіне”.
„У адзін цудоўны дзень паглядзеў на сябе ў люстэрка, зразумеў, што набраў лішнюю вагу і вырашыў павесіць буцы на цвік. Гульца ў сабе ўжо забіў”, — прызнаецца Драгун. Трэнерам ён станавіцца не хоча, мае дыплом па спецыяльнасці „спартовы дырэктар”.
У канцы 2022-га Станіслаў Драгун трапіў у „чорны спіс” Міністэрства спорту Беларусі, і сёлета яму не дазволілі гуляць у беларускім чэмпіянаце. Спартовыя функцыянеры склалі спіс футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі „Мы супраць гвалту!”, і ім гэтага не могуць дараваць. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты.
МАК дагэтуль не вызначыўся, ці запрасіць Беларусь на Алімпіяду-2024
Міжнародны Алімпійскі камітэт не накіруе Беларусі, Расеі ды Гватэмале запрашэння да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у прызначаны час. Пра гэта стала вядома з прэс-рэлізу арганізацыі, піша „Прессбол”. Як правіла, МАК накіроўвае такія запрашэнні нацыянальным камітэтам за год да Алімпіяды. Лёс беларускіх і расейскіх спартоўцаў МАК мусіў вырашыць акурат да 26 ліпеня. Аднак цяпер у арганізацыі перанеслі гэтае рашэнне на нявызначаную дату. Раней МАК рэкамендаваў дапускаць спартоўцаў Беларусі і Расеі да ўдзелу ў міжнародных турнірах індывідуальна, у нейтральным статусе і пры ўмове, што яны не падтрымліваюць вайну Расеі ва Украіне. Аднак рашэнне наконт летняй Алімпіяды ў Парыжы 2024 года і зімовай Алімпіяды ў Мілане 2026 года МАК вырашыў прыняць пазней.
Беларускае Радыё Рацыя
