Сабаленка прайшла ў паўфінал турніру ва Ухані



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру ў кітайскім Ухані з прызавым фондам 2,5 мільёна даляраў.

У чвэрцьфінальным паядынку з казахстанскай тэнісісткай Аленай Рыбакінай беларуска выйграла першую партыю з лікам 6:3, а ў другой дапусціла масу памылак і проста правалілася – 1:6. У вырашальным сэце ўжо прадстаўніца Казахстана не мела шанцаў на поспех – Арына Сабаленко выйграла 6:1. Сустрэча працягвалася гадзіну 42 хвіліны.

У матчы за выхад у фінал беларуская тэнісістка сустрэнецца з першай ракеткай свету Эшлі Барці з Аўстраліі.

„Зубры” прайгралі «Северсталі» у серыі булітаў

Хакеісты менскага „Дынама” ў другім матчы выязной серыі чэмпіянату КХЛ саступілі па булітах чарапавецкай „Северсталі” з лікам 2:3. У складзе «зуброў» шайбы закінулі Шэйн Прынс і Дру Шор.  Лёс сустрэчы вырашыўся ў пасляматчавай серыі кідкоў. Пераможны буліт выканаў гулец „Северсталі” Ансела Галімаў. Пасля сустрэчы ў Чарапаўцы менчукі адправяцца ў Ніжнякамск, дзе заўтра згуляюць з мясцовым „Нафтахімікам”. Потым дынамаўцы вернуцца дадому і 1 кастрычніка прымуць на лёдзе „Мінск-Арэны” хакеістаў „Сочы”.

Футбалісткі „Мінска” ўпершыню прабіліся ў 1/8 фіналу жаночай Лігі чэмпіёнаў

Пасля мінімальнай хатняй перамогі над швейцарскім «Цюрыхам» 1:0, у матчы ў адказ 1/16 фіналу на полі суперніц чэмпіёнкі Беларусі выйгралі з лікам 3:1. Гэта першы выхад мінчанак ў другі раўнд плэй-оф галоўнага кантынентальнага турніру. Акрамя „Мінска” ў 1/8 фіналу ўжо выйшлі дзеючы пераможца гэтага турніру французскі „Ліён”, а таксама англійскі „Манчэстэр Сіці”, нямецкія „Баварыя” і „Вольфсбург”, іспанская „Барселона”, дацкая „Фартуна”, нідэрландскі „Твэнтэ”, чэшская „Славія” і казахстанскі „Казыгурт”.

Баснійскі абаронца Боян Насціч стане гульцом барысаўскага БАТЭ

Гэты футбаліст не зможа быць заяўленым і, адпаведна, не згуляе за „жоўта-сініх” у гэтым сезоне. Аднак кіраўніцтва клуба, выдатна разумеючы неабходнасць умацавання складу, ужо цяпер вядзе трансферную кампанію з прыцэлам на наступны спаборніцкі год – піша сайт БАТЭ.  Боян Насціч  выступаў за сербскую „Вайводзіну”, бельгійскія „Генк” і  „Остэнд”. Футбаліст прайшоў праз юнацкія і моладзевыя зборныя Сербіі. А ў канцы 2016-га выявіў жаданне абараняць колеры нацыянальнай зборнай Босніі і Герцагавіны.

Палякі прайгралі славенцам у паўфінале чэмпіяната Еўропы  па валейболе

На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд вызначыўся першы фіналіст, якім стала зборная Славеніі. У паўфінальным матчы з палякамі  ў Любляне славенцы спаўна выкарысталі перавагу хатняй арэны, выйграўшы ў чэмпіёнаў свету з лікам 3:1. Гэта была трэцяя сустрэча двух каманд у рамках плэй-оф кантынентальных першынстваў, і ўсе тры разы перамагалі балканцы. Такім чынам, абедзве каманды адпраўляюцца ў Парыж, дзе славенцы згуляюць у фінале, а палякі згуляюць у матчы за трэцяе месца. Іх супернікі вызначацца ў матчы паміж французамі і сербамі.

„Шахцёр” саступіў у двух спарынгах «Слепску-Малаў» з Сувалак

Трохразовыя чэмпіёны Беларусі валейбалісты салігорскага „Шахцёра” пацярпелі дзве паразы ў матчах на перадсезонным зборы ў Польшчы.

Падначаленыя Віктара Бекшы правялі таварыскія гульні з камандай элітнага дывізіёна чэмпіянату Польшчы „Слепск-Малаў” (Сувалкі).

У першай сустрэчы спартоўцы з Падляшскага ваяводства былі мацней – 3:0. Па дамоўленасці каманды згулялі чацвёртую партыю, у якой перамаглі беларусы – 25:21. Другая гульня па пагадненні бакоў працягвалася пяць сэтаў і таксама завяршылася на карысць польскай каманды – 5:0. Дэбютант Плюс-лігі спадзяецца на пашырэнне супрацоўніцтва з „гарнякамі” – у сярэдзіне восені не выключаны візіт у адказ прадстаўнікоў гэтага клуба ў Беларусь.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by