Сабаленка ўпэўнена перамагла Шарапаву
На тэнісным турніры ў кітайскім Шэньчжэні першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка ў чвэрцьфінале ўпэўнена адолела прадстаўніцу Расеі Марыю Шарапаву.
Перавага Сабаленкі ў першым сеце была проста вялізнай. Сабаленка, на сёння 13-ы нумар сусветнага рэйтынгу, не пакінула знакамітай суперніцы, некалі першай ракетцы свету, а цяпер 29-й, ніякіх шанцаў. Лік першай партыі 6:1 гаворыць сам па сабе.
Пасля гэтага Шарапава ўзяла медыцынскі тайм-аўт, а вярнуўшыся на корт, актывізавала сваю гульню і нават зрабіла адзін брэйк. Аднак Сабаленку было не стрымаць. Беларуска вельмі хутка вярнула сабе ініцыятыву і пачала набіраць ачкі. Пры ліку ў сеце 4:2 Шарапава ў безнадзейным фізічна і псіхалагічна становішчы знялася з матчу.
Такім чынам Сабаленка выйшла ў паўфінал, дзе сустрэнецца з пераможцай матчу Моніка Нікулеску (Румынія) – Яфань Ван (Кітай).
Другая ракетка Беларусі Аляксандра Сасновіч на іншым турніры, у аўстралійскім Брысбене, прайграла свой чвэрцьфінал харватцы Донне Векіч – 2:6, 0:6. Матч доўжыўся менш гадзіны – усяго 56 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя