Сабаленка выйграла свой першы турнір «Вялікага шлема»



Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мёртэнс сталі пераможцамі парнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе, абыграўшы ў двух сэтах беларуска-аўстралійскі тандэм Вікторыя Азаранка / Эшлі Барці 7:5, 7:5.

Для Сабаленкі гэта першы тытул на турнірах серыі „Вялікага шлема”. Таксама ўпершыню тытул выйграла 19-гадовая канадская тэнісістка Б’янка Андрэеску, якая абыграла ў вырашальным паядынку адзіночнага разраду US Open легендарную амерыканку Серэну Уільямс – 6:3, 7:5. У фінале мужчынскага адзіночнага разраду іспанец Рафаэль Надаль чацвёрты раз выйграў US Open, адолеўшы расейскага тэнісіста Данііла Мядзведзева ў пяцісэтавым паядынку – 7:5, 6:3, 5:7, 4:6, 6:4. Гэтае захапляльнае супрацьстаянне доўжылася амаль 5 гадзін.

Гімнасткі выйгралі дзве бронзы на этапе Кубка свету

Беларускія спартоўкі двойчы сталі бронзавымі прызёрамі на этапе Кубка свету серыі „Чэлендж” па мастацкай гімнастыцы, які праходзіць у партугальскім Порцімао. У індывідуальным шматбор’і вызначылася Аліна Гарноська. Пасля першага дня спаборніцтваў яна была на пятай пазіцыі, аднак адзнакі за праграмы з булавамі і стужкай дазволілі ёй заняць трэцяе месца. Другі бронзавы медаль беларускі выйгралі ў шматбор’і у групавых практыкаваннях.

Пяціборцы дадалі да двух залатых адзін бронзавы медаль чэмпіяната свету

Беларускія пяціборцы заваявалі трэцюю ўзнагароду на чэмпіянаце свету ў Будапешце. У змяшанай эстафеце беларускі тандэм Анастасія Пракапенка і Ілля Палазкоў з вынікам 1448 ачкоў сталі бронзавымі прызёрамі сусветнага першынства. Да гэтага ў медальнай скарбонцы беларускай зборнай было дзве ўзнагароды вышэйшага гатунку. Вольга Сілкіна выйграла жаночае асабістае першынства, а разам з Настай Пракапенкай і Ірынай Прасенцовай яна стала чэмпіёнкай ў камандным заліку сярод жанчын.

Першая перамога «Дынама» у сёлетнім сезоне КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” пасля трох паразаў урэшце святкавалі першую перамогу ў новым сезоне КХЛ. У Маскве зубры абыгралі хакеістаў „Спартака” з лікам 5:4. Закінутымі шайбамі ў складзе каманды Крэйга Вудкрафта адзначыліся Аляксандр Паўловіч, Цеему Пулкінен, Андрэй Касціцын, Стэфан Эліат, а Міхаіл Стэфановіч закінуў пераможную шайбу. У гэтай сустрэчы брамку „Дынама” ўпершыню абараняў 22-гадовы галкіпер Аляксандр Асіпкоў, які змяніў дасведчанага шведа Юнаса Энрата.

Чэхі разграмілі „Юнацтва” у Лізе чэмпіёнаў

Хакеісты менскага „Юнацтва” з буйным лікам 2:7 саступілі на выездзе чэшскаму клубу „Оцэларжы” у Лізе чэмпіёнаў.  Максім Мальцаў і Максім Парфеявец закідвалі за беларускую каманду. Гэта другая запар выязная параза падначаленых Міхаіла Захарава – да гэтага яны саступілі швейцарскай „Лазане” – 2:3. Наступны матч у Лізе чэмпіёнаў „Юнацтва” правядзе 9 кастрычніка ў фінскім Лахці супраць хакеістаў мясцовага клуба „Пеліканс”.

СКА быў мацней за БГК у чарговым матчы чэмпіяната краіны

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў на выездзе менскаму СКА ў матчы 3-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў менскім палацы спорту „Уручча” прайшла з перавагай гаспадароў, якія часам сыходзілі ў адрыў на 4-5 мячоў. Берасцейцы даганялі армейцаў, але тыя ўсё ж здолелі дамагчыся перамогі з лікам 27:24. Самым выніковым у складзе СКА стаў былы гулец БГК Сяргей Шыловіч, які закінуў 7 мячоў. „Бярэсце” і „Гараднічанка” згулялі ўнічыю ў матчы жаночага чэмпіянату краіны  – 22:22.

„Пляжнікі” зноў сталі 5-мі ў Еўралізе

Зборная Беларусі па пляжным футболе другі год запар займае 5-е месца ў суперфінале Еўралігі. У заключным паядынку спаборніцтваў у партугальскім Фігейра-да-Фош з камандай Турцыі беларусы адразу пайшлі ў адрыў – 3:0. На працягу сямі хвілін галявы дубль аформіў Алег Шапон, а яшчэ адзін мяч забіў Анатоль Рабко. Туркі скарацілі разрыў да мінімуму, а затым Вадзім Бокач забіў чацвёрты гол, але супернікі здолелі зраўняць лік – 4:4. І ўсё ж у самым канцы гульні беларусы вырвалі перамогу, дзякуючы голу Іллі Савіча – 5:4.

Іспанцы і італьянцы выйгралі свае матчы адбору да Еўра-2020

Зборная Італіі, якая лідыруе ў сваёй групе, на выездзе перайграла каманду Фінляндыі ў матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2020 з лікам 2:1. У іншай сустрэчы грэкі разышліся мірам са зборнай Ліхтэнштэйна – 1:1. Нарвежцы і шведы не выявілі пераможцу 1:1, а іспанцы, дзякуючы галявым дублям Радрыга і Пака Алькасэра, разграмілі каманду Фарэрскіх выспаў 4:0. Супернік беларускай каманды па паўфінале ў Лізе нацый каманда Грузіі згуляла ўнічыю з дацкай дружынай – 0:0. Французы разграмілі албанцаў з лікам 4:1 – дубль аформіў Кінгслі Коман. Цікава, што перад матчам замест албанскага гімна ўключылі гімн Андоры. Дыктар папрасіў прабачэння, але двойчы пераблытаў Албанію з Арменіяй. 

Валейбалісткі зборнай Сербіі другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Еўропы

У фінале яны адолелі каманду Турцыі 3:2. Уладальніцамі бронзы еўрапейскага чэмпіянату сталі валейбалісткі Італіі, якія абыгралі ў матчы за 3-е месца каманду Польшчы – 3:0. Зборная Беларусі на сёлетнім першынстве выступіла няўдала, прайграўшы ўсе 5 матчаў у папярэдняй групе D.

Палякі буйна саступілі аргентынцам на чэмпіянаце свету па баскетболе

Адбыліся чарговыя паядынкі на чэмпіянаце свету па баскетболе, які праходзіць у Кітаі. У другім групавым этапе Аргенціна абыграла Польшчу з лікам 91:65. Зборная Іспаніі дамаглася няпростай перамогі над Сербіяй – 81:69.

Леклер выйграў Гран-пры Італіі

На аўтадроме ў Монцэ фінішаваў чарговы этап Формулы-1 Гран-пры Італіі. Перамог ў гонцы пілот „Ферары” Шарль Леклер. Другім прыехаў пілот „Мэрсэдэса” Валтэры Ботас. Трэці – яго напарнік па камандзе Льюіс Хэмілтан. Паляк Роберт Кубіца завяршыў  Гран-пры Італіі на 17 месцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота арганізатараў турніру