Салігорскі „Шахцёр” аспрэчвае пазбаўленне чэмпіёнства 2022 года
Клуб быў пакараны за дамоўныя матчы. „Шахцёр” не згодны з тым, што яго пазбавілі 30 ачкоў у гэтым сезоне і 20 ачкоў у наступным. Таксама клуб просіць адмяніць дыскваліфікацыю капітана каманды Мікіты Корзуна. Такія пакаранні прымяніла Беларуская федэрацыя футбола, і клуб афіцыйна падаў на гэтае рашэнне апеляцыю.
Падольскі падпісаў двухгадовы кантракт з „Гурнікам” Забжэ
Чэмпіён свету ў складзе зборнай Германіі Лукас Падольскі падпісаў двухгадовую дамову з адным з самых тытулаваных польскіх клубаў, „Гурнікам” (Забжэ), паведамляе Przegląd sportowy. „Вядома, са спартовага пункту гледжання ніколі не бывае весела, калі цябе апускаюць ніжэй дывізіёнам, але зноў жа: для мяне важны клуб, а не ўзровень. Я б не павярнуўся спіной да клуба, калі ён вылецеў”, — запэўніў журналістаў футбаліст.
Кіеўскае „Дынама” ўпершыню за дзевяць гадоў не згуляе ў Лізе чэмпіёнаў
З-за перамогі футбалістаў „Дняпра-1” над „Коласам” 2:1 у 27-м туры чэмпіянату Украіны, кіеўскае „Дынама” ўпершыню за дзевяць гадоў не згуляе ў Лізе чэмпіёнаў. За чатыры туры да завяршэння турніру „бела-сінія” адстаюць ад данецкага „Шахцёра” на 16 ачкоў, а ад „Дняпра-1”, які ідзе другім, — на 14. Калі кіяўлянам не ўдасца дагнаць луганскую „Зару”, якая ідзе на трэцяй пазіцыі, ліквідаваўшы гандыкап ў восем балаў, то каманду Аляксандра Шаўкоўскага і зусім чакае ўдзел у Лізе канферэнцый.
Каралёк прызнаны лепшым лінейным чэмпіянату Польшчы
Лідар зборнай Беларусі Арцём Каралёк, які перамог з „Кельце” ў чэмпіянаце Польшчы, прызнаны лепшым лінейным турніру трэці сезон запар. Каралёк стаў восьмым у спісе бамбардзіраў, закінуўшы 125 мячоў у 20 матчах.
Сабаленка захавала другі радок у рэйтынгу
Жаночая тэнісная асацыяцыя апублікавала абноўлены рэйтынг. Іга Свёнтак з Польшчы застаецца першай ракеткай свету, беларуска Арына Сабаленка — па-ранейшаму другая, нягледзячы на няўдалы выступ на турніры ў Рыме. Вікторыя Азаранка апусцілася на радок і ўжо 18-я ракетка свету. Аляксандра Сасновіч страціла шэсць пазіцый і цяпер 50-я ў рэйтынгу. У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў лідыруе іспанец Карлас Алькарас. Беларус Ілля Івашка з 73-га месца апусціўся на 86-е.
Багалейша вернецца ў гродзенскі „Нёман”
Беларускі абаронца Сяргей Багалейша працягне кар’еру ў гарадзенскім „Нёмане”. Такую інфармацыю мае карэспандэнт „БХ”. У мінулым сезоне 33-гадовы гулец выступаў за жлобінскі „Металург”. У 48 матчах сезона ён набраў 15 (5+10) ачкоў, пры паказчыку „-10” і 50 хвілінах штрафу. У плэй-оф у яго 18 гульняў, 2 асісты, карыснасць „+3” і 6 хвілін штрафу. Багалейша — выхаванец гарадзенскага „Нёмана”. Сяргей чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, па адным разе заваёўваў Кубак Беларусі (2015) і Кантынентальны Кубак (2015).
Гарноська стала абсалютнай чэмпіёнкай Беларусі па мастацкай гімнастыцы
У сталічным Палацы гімнастыкі завяршыўся адкрыты чэмпіянат краіны з удзелам мацнейшых беларускіх грацый, а таксама спартовак з Расеі. Гімнасткі разыгрывалі медалі ў індывідуальных практыкаваннях. Залатыя медалі ва ўсіх чатырох відах праграмы сярод сеніёрак заваявала Аліна Гарноська, якая напярэдадні стала чэмпіёнкай Беларусі ў шматбор’і. Анастасія Салос выйграла два срэбраныя па выніках кампазіцый з мячом і стужкай, а таксама бронзу ў практыкаванні з абручом.
Беларускае Радыё Рацыя
