Салігорскі „Шахцёр” пайшоў у адрыў
Салігорскі „Шахцёр” працягвае абвастраць залатую інтрыгу беларускага футбольнага чэмпіянату. У матчы 13 тура футбалісты менскай вобласці прымалі на сваім полі безнадзейнага аўтсайдара – наваполацкі „Нафтан”. На 18-й хвіліне Аляксандр Сялява, а на 52-й Эдгар Аляхновіч праштампавалі перавагу сваёй каманды. Пасля гэтага салігорцы расслабіліся і дазволілі гасцям правесці мяч прэстыжу – на 86-й хвіліне вызначыўся Віталь Марахоўскі. Выніковыя 2:1 на карысць „Шахцёра”.
Іншы прызёр мінулага чэмпіянату менскае „Дынама” у гасцях дастаткова нечакана разграміла сюрпрызны сёлета ФК „Слуцк” – 3:0. Галы запісалі на свой баланс Антон Сарока (6-я хвіліна), Уладзімір Хвашчынскі (48-я) і Ураш Нікаліч (59-я).
Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ зазнаў чарговыя страты. На сваёй арэне фаварыты не змаглі даць рады жодзінскаму „Тарпеду” – выніковыя 0:0. Тым самым БАТЭ адпусціў „Шахцёр” у яшчэ большы адрыў. Таксама не было забіта мячоў у сустрэчы ФК „Мінск” і „Гарадзеі”.
„Гомель” на сваім полі адолеў менскіх „Крумкачоў” – 2:0. У апошнія 10 хвілін матчу дублем выстраліў бразілец Нівалда.
На сёння верхняя частка турнірнай табліцы выглядае так: 1. „Шахцёр” – 32 ачкі, „Дынама” (Менск) – 28, 3. БАТЭ – 27, 4. ФК „Слуцк” – 22, 5. „Нёман” (Гародня) – 21, 6. „Тарпеда-БелАЗ” – 21.
Беларускае Радыё Рацыя