Салігорскі „Шахцёр” перамог менскі „Будаўнік”



У сталічным Палацы спорту „Уручча” адбыўся матч за Суперкубак Рэспублікі Беларусь па валейболе сярод мужчынскіх каманд.

Першы трафей новага сезону разыгралі наймацнейшыя каманды Беларусі – салігорскі „Шахцёр” і сталічны „Будаўнік”. У мінулым сезоне „гарнякі” чарговы раз заваявалі золата чэмпіянату краіны і выйгралі Кубак Беларусі, менчукі ў абодвух турнірах фінішавалі на другім месцы. Год таму лёс паядынку за Суперкубак вырашыўся ў пятым сэце, але напярэдадні для перамогі салігарчанам хапіла мінімальных трох. На роўных супернікі змагаліся толькі ў трэцяй партыі, у якой „Шахцёр” быў мацней – 25:21. Першы і другі адрэзкі „гарнякі” выйгралі з аднолькавым лікам 25:16. Гэты поспех стаў для „Шахцёра” пятым.

„Арыс” Шпілеўскага адолеў „Рэйнджэрс”

Кіпрская каманда „Арыс”, якую ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, на хатняй арэне перамагла шатландскі „Рэйнджэрс” у матчы 2-га тура Лігі Еўропы — 2:1. 26 кастрычніка „Арыс” прыме „Беціс”, які справіўся з пражскай „Спартай” 2:1. Польскі „Ракув” саступіў на хатняй арэне аўстрыйскаму „Штурму” 0:1.

Хакеісты „Юнацтва” адолелі „Магілёў”

Паядынкам „Юнацтва” і „Магілёва” на сталічнай „Чыжоўка-Арэне” завяршылася гульнявая праграма чацвярга ў беларускай хакейнай экстралізе. Пачатак гульні застаўся за гаспадарамі, якія дзякуючы галам Арсенія Каўгарэні і Уладзіслава Дземідовіча павялі з лікам 2:0 ужо да сярэдзіны трэці. Аднак „Магілёву” хапіла ўсяго трох хвілін, каб зраўняць лічбы – за гасцей закідвалі Мікіта Даўгапятаў і Арцём Шапіра. І ўсё ж яшчэ да перапынку „Юнацтва” вярнула сабе лідарства ў дзве шайбы, свае прозвішчы на табло запісалі Павел Шчарбакоў і Станіслаў Кучкін – 4:2. У другім перыядзе „львы” з берагоў Дняпра намаганнямі Валянціна Макарава скарацілі адставанне, але гэты гол апынуўся для магіляўчан апошнім у матчы. Менчукі ж у заключнай 20-хвілінцы давялі разрыў у ліку да буйнога: Кучкін аформіў дубль, таксама вызначыўся Андрэй Рашанцаў. Фінальны лік – 6:3, „Юнацтва” святкуе пятую перамогу запар і працягвае пагоню за лідарамі экстралігі „Шахцёрам” і „Віцебскам”. Раней „Брэст” абыграў „Гомель” 4:2, а „Хімік” быў мацней за „Ліду” 4:3.

Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA у Пекіне

Лідар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінальную стадыю турніру катэгорыі WTA-1000 у Пекіне з прызавым фондам 8 мільёнаў 100 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу Сабаленка перамагла 36-ы нумар сусветнага рэйтынгу італьянскую тэнісістку Ясмін Пааліні – 6:4, 7:6 (7:4). У чвэрцьфінальным паядынку беларуска сустрэнецца з пятай ракеткай планеты Аленай Рыбакінай з Казахстана.

Беларускае Радыё Рацыя