Салігорскі „Шахцёр” саступіў балгарскаму „Лудагорцу” у адборы Лігі чэмпіёнаў
У першым матчы першага раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў салігорскі „Шахцёр” саступіў у гасцях балгарскаму „Лудагорцу” з лікам 0:1. Два тайма чэмпіён Беларусі адбіваў атакі суперніка, але на другой дададзенай хвіліне прапусціў гол. На 92-й хвіліне гульні вызначыўся Каўлі Соуза, замкнуўшы з блізкай адлегласці перадачу Чыботы з левага фланга. Балгары прабілі па браме „Шахцёра” 21 раз, а беларусы — толькі 6. Матч у адказ пройдзе 13 ліпеня ў Бялградзе, на нейтральным полі.
Васілеўскі і Радыёнава прайгралі ў 1/8 фіналу мікста Уімблдона
Беларус Андрэй Васілеўскі і прадстаўніца Аўстраліі Арына Радзівонава не здолелі прабіцца ў чвэрцьфінал спаборніцтваў змешаных пар Уімблдонскага турніру. У матчы 1/8 фіналу спаборніцтваў беларуска-аўстралійскі дуэт саступіў амерыкана-французскаму тандэму Ніколь Мелічар / Эдуар Ражэ-Васлен – 2:6, 6:4, 4:6. Сёння ў паўфінале жаночага адзіночнага разраду чацвёртая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка сустрэнецца з 13-й ракеткай чэшскай тэнісісткай Каралінай Плішкавай. У чвэрцьфінале мужчынскага турніра лідар сусветнага рэйтынгу пяціразовы трыўмфатар Уімблдона серб Новак Джокавіч упэўнена перайграў у трох партыях вугорскага тэнісіста Мартана Фучовіча – 6:3, 6:4, 6:4. А вось Роджэр Федэрэр не змог прайсці ў паўфінал Уімблдона. 39-гадовы васьміразовы трыўмфатар Уімблдона нічога не змог зрабіць з 18-гадовым польскім тэнісістам Хубертам Гуркачам, саступіўшы ў трох сэтах – 3:6, 6:7 (4: 7), 0:6.
Экс-першая ракетка свету Уладзімір Самсонаў завяршыў кар’еру
Легендарны гулец у настольны тэніс Уладзімір Самсонаў не змог аднавіцца ад траўмы і пазбавіўся шанцаў на паездку на сваю сёмую Алімпіяду. Беларускі тэнісіст 20 гадоў запар знаходзіўся ў топ-10 вядучых гульцоў свету, узначальваючы рэйтынг ў 1998, 1999 і 2000 гадах. Уладзімір – 29-разовы пераможца турніраў ITTF World Tour, 10-разовы пераможца Лігі еўрапейскіх чэмпіёнаў, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы. Летась ён абраны адным з віцэ-прэзідэнтаў Кангрэса Еўрапейскага Саюза настольнага тэніса.
Беларускае Радыё Рацыя