Салігорскі „Шахцёр” стаў сярэбраным



29-ы, перадапошні, тур чэмпіянату Беларусі па футболе мог вызначыць уладаннікаў сярэбраных і бронзавых медалёў, а таксама канчаткова праясніць сітуацыю сярод аўтсайдараў.

Адзін з кандыдатаў на развітанне з вышэйшай лігай „Граніт” у Лунінцы безнадзейна гарэў у паядынку з матываваным „Мінскам” (гараджане тэарэтычна яшчэ прэтэндавалі на бронзу, а практычна змагаліся за 4-е месца, якое дасць права на выступ у еўракубках). Ужо перад перапынкам табло высвечвала 0:4. Дублем у гасцей вызначыўся Леанід Ковель. У другой палове падначаленыя Георгія Кандрацьева забілі яшчэ тройчы і перамаглі ажно 7:0. Паралельна жодзінскае „Тарпеда” (яшчэ адзін прэтэндэнт на 4-ю пазіцыю) згуляла на выездзе 3:3 з „Гарадзеяй”.

Пара лузераў першынства высвятляла адносіны паміж сабой. Наваполацкі „Нафтан” прымаў бабруйскую „Белшыну”. У першым тайме на мячы дасведчаных Ігара Трухава і Ігара Зюлева госці адказалі голавым аргументам Ігара Ясінскага. У другім тайме шыннікі здолелі параўняць лік вызначыўся Герасімаў – выніковыя –2:2.

Салігорскі „Шахцёр” – асноўны прэтэндэнт на срэбра чэмпіянату, на сваім полі спярша сутыкнуўся з упартым супрацівам мазырскай „Славіі”. На экспрэс-гол лепшага снайпера салігорцаў Мікалая Януша (6-я хвіліна) палешукі адказалі трапным стрэлам хаўбека Аляксандра Раеўскага (18-я). Пасля антракту Юрый Кавалёў зноў вывеў гаспадароў наперад. Ён жа забіў яшчэ раз на 65-й хвіліне, а ў канцоўцы Дзяніс Лапцеў і Ігар Бурко давялі справу да разгрому. 5:1 на карысць „Шахцёра” – сярэбраныя ўзнагароды ў выхаванцаў Сяргея Нікіфарэнкі.

Менскае „Дынама” прымала „Іслач”. На 39-й хвіліне лік адкрыў украінскі легіянер „бела-блакітных” Яўген Буднік. Гэты гол так і застаўся адзіным у сустрэчы. Менскае „Дынама” выйграла 1:0 і задаволіцца сёлета бронзай.

Іншыя паядынкі 29 тура завяршыліся так: „Віцебск” – БАТЭ – 2:1, „Крумкачы” – „Дынама” (Берасце) – 0:0, ФК „Слуцк” – „Нёман” (Гародня) – 0:0.

Такім чынам пытанне пра тое, хто пакіне вышэйшую лігу, застаецца адкрытым. Перад апошнім турам становішча сярод аўтсайдароў такое: „Нафтан” – 26 ачкоў, „Белшына” – 24, „Граніт” – 24. У заключным туры „Белшына” і „Граніт” сустрэнуцца паміж сабой, а навапалачане прыедуць гуляць у Гародню.

Беларускае Радыё Рацыя