Салігорскі „Шахцёр” выйшаў у фінал Кубка Беларусі
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” перамаглі ў паўфінале „Іслач” і сталі другімі фіналістамі розыгрышу Кубка Беларусі. Пасля гасцявой нічыёй 2:2 падначаленыя Сяргея Ташуева на сваім полі адразу пайшлі ў атаку, і на 7-й хвіліне Юрый Кавалёў адкрыў лік. Праз 5 хвілін Аляксандр Макась эфектным ударам аднавіў раўнавагу. Прапусціўшы мяч, футбалісты „Шахцёра” зноў захапілі ініцыятыву, і на 39-й хвіліне іх албанскі легіянер Эліс Бакай другі раз трапіў у браму Ягора Хаткевіча. Пасля перапынку, на 65-й хвіліне гульні, дасведчаны форвард гасцей Дзмітрый Камароўскі зноў зраўняў лік – 2:2, перавёўшы сустрэчу ў авертайм. У дадатковы час гаспадары дзейнічалі значна больш упэўнена, і на 101-й хвіліне бліснуў майстэрствам ветэран Мікалай Януш. А за 3 хвіліны да фінальнага свістка Сяргей Мацвейчык ўстанавіў канчатковы лік – 4:2 на карысць „Шахцёра”.
Першымі фіналістамі кубкавага турніру сталі будучыя гаспадары вырашальнага паядынку – футбалісты „Віцебска”, якія па суме дзвюх паўфінальных сустрэч адолелі менскае „Дынама” – 1:0 на хатняй арэне і 0:0 у гасцях.
Фінальны паядынак 28-га розыгрышу Кубка Беларусі пройдзе 26 траўня ў Віцебску. У любым выпадку „Віцебск” выступіць у еўракубку ўпершыню за 20 гадоў: у 1999 годзе паўночнікі згулялі ў Кубку Інтэртота.
Беларускае Радыё Рацыя